Дамова аб адзінай гандлёвай зоне, Дамова аб калектыўнай бясьпецы, Рух недалучэньня – за апошні час Беларусь уступіла ў столькі блёкаў, пактаў і саюзаў, нарадзіла столькі геапалітычных Франкенштайнаў, што, здаецца, адзіны маленькі канфлікт можа прывесьці да канца сьвету. Фэльетон Лёліка Ушкіна.
Хроніка аднаго апакаліпсісу вачыма прэсы.
«Саўбелка» (Беларусь): «Калі літоўцы пабудуюць ядравы могільнік на нашай мяжы, мы адгрохаем самую буйную сьвінафэрму ў Эўропе».
«Respublika» (Літва): «Вы думаеце, беларусы пабудуюць камбінат, здольны атруціць нас сьвінячым гаўном? Наша жыцьцё і так даўно сьмярдзіць гаўном».
www.lietuvosavangard.yandex.narod.ru (сайт «Саюзу нешматлікіх, аднак самых правільных, пасьлядоўных калдырных патрыётаў»: «Як піша «Respublika», у памежных районах усё даўно прасьмярдзела гаўном, а ўрад маўчыць» (фрагмэнт артыкулу «Чаму Бразаўскас – жыдамасон, а Літве ад мора да мора няма альтэрнатывы»).
Праграма БТ «Контуры» (Беларусь): «У Літве пачалася чарговая антыбеларуская кампанія, за якой стаяць уплывовыя палітыкі».
«Знамя юности» (Беларусь): «Уся беларуская моладзь гатова адправіцца на будаваньне сьвінячых фэрмаў на мяжы зь Літвою. Гэта наш доўг перад радзімай» (з інтэрвію кіраўніка Саюзу роднай патрыятычнай моладзі).
«Baltic Times» (Рыга): «Каб не дапусціць атручваньня адкідамі беларускіх фэрмаў, літоўцы гатовыя ўжыць сілу».
«Народная газета» (Беларусь): «Літва канцэнтруе войскі на нашай мяжы. Трэба адэкватны адказ, а таксама стырылізаваць усіх бамжоў, каб трымаць моцнымі нашыя тылы» (з заявы дэпутата Касьцяна).
«Саўбелка» (Беларусь): «У магчымым канфлікце мы можам разьлічваць на нашых хаўрусьнікаў па міжнародных геапалітычных блёках» (з заявы МЗС).
«Al Ahram» (Судан): «У рамках нашых дамоваў па Руху недалучэньня мы дасылаем у Беларусь наш найлепшы батальён аднагорбых вярблюдаў» (з афіцыйнай заявы суданскага ўраду).
ВВС: «Сьледам за Вэнэсуэлай, Суданам, Кубай Дэлі і Ісламабад адпраўляюць вайсковыя фармаваньні ў дапамогу беларусам. Сьвет на парозе глябальнай вайны».
«Рэспубліка» (Беларусь): «Калі ў пагранічным нарадзе беларускі і зымбабвійскі салдат: вораг ня пройдзе!» (з загалоўку артыкулу).
«Вольнае Глыбокае»: «Учора на дыскатэцы ў Лынтупах адбыўся інцыдэнт з удзелам жаўнераў індыйскага і пакістанскага корпусаў. Ёсьць траўмы. Нанесеная шкода маёмасьці: зламаныя два крэслы».
«Jasarat» (Пакістан): «Індыйцы білі мяне ботамі за тое, што не люблю Раджа Капура» (інтэрвію пакістанскага жаўнера, зьбітага ў Лынтупах).
СNN (ЗША): «Эскаляцыя гвалту: на знак помсты за ахвяраў бойкі ў Беларусі прапакістанскія тэрарысты ў Кашміры ўзарвалі ўсё, што можна ўзарваць».
«The Hindu» (Індыя): «Урад паставіў ультыматум Ісламабаду!»
«Financial Times» (Англія): «У выніку абмену ядравымі ўдарамі Пакістан і Індыя перасталі існаваць».
«Washington Post» (ЗША): «Набуду добры падвал, каб перажыць ядравую зіму» (з рубрыкі «Прыватныя абвесткі»).
«Саўбелка» (Беларусь): «На Піншчыне пабудаваны новы аграгарадок» (назва перадавіцы).