На «Славянскім базары ў Віцебску» адкрылася выстава скрэп-арта — унікальных работ, вырабленых з утылю.

Падчас фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» ў абласным краязнаўчым музеі 8 ліпеня адкрылася выстава арт-механізмаў «Рух фантазій» Міжнароднай гільдыі майстроў з Санкт-Пецярбургу — творчага аб’яднання кавалёў, дызайнераў, архітэктараў, жывапісцаў і іншых майстроў, звязаных з мастацтвам і рамёствамі.

У экспазіцыю ўвайшлі 68 твораў майстроў Ігара Іванова, Таццяны Шубінай і Вольгі Ардоўскай з Санкт-Пецярбургу, якія працуюць у адным з самых цікавых кірункаў у сучасным мастацтве — скрэп-арт (з англ. scrap — лом, прадмет утылю, выкарыстаная рэч). Чароўнае, творчае ператварэнне выкінутых прадметаў у арт-аб’ект — галоўнае ў паняцці скрэп-арта. Гэта нешта накшталт рэінкарнацыі жалеза.

Арт-механізмы мастачак Шубінай і Ардоўскай вырабленыя з механізмаў, дэталяў і кухонных прадметаў — гаек, накрывак, колаў, лыжак, друшлякоў, шрубоў, шчотак, кранаў, спідометраў, спружын, фар і іншага металічнага лому, якія адслужылі свой тэрмін. З дапамогай гэтых выкінутых праз непатрэбнасць рэчаў мастачкі ствараюць незвычайныя вобразы — жалезных сабак, коз, насякомых, птушак, рыб, коней і людзей. У некаторых работах ёсць элемент механікі: птушкі або насякомыя махаюць крыламі, качаюць галавой, варушаць канцавінамі, у іншых работах адчыняюцца дзверцы, можна запаліць ліхтарыкі і г.д.

Выстава пецярбургскіх майстроў арт-механізмаў будзе працаваць у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі і пасля фестывалю «Славянскі базар», да 15 жніўня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?