Трохі парадаксальна, але ў Чэхіі, якую яднаюць зь Беларусьсю незьлічоны::я культурна-гістарычныя сувязі, у апошнія гадоў пятнаццаць зусім не выходзілі кніжныя пераклады зь беларускай мовы. Летась, праўда, выдавецтва «Do¬koшбn» выпусьціла файны зборнік эсэ «Невядомая Беларусь», аднак да мастацкай літаратуры, пра якую я тут вяду гаворку, яго можна аднесьці хіба што з нацяжкай. Месяц таму гэтая заганная традыцыя была нарэшце перапыненая выданьнем у чэскім Брне «Анталёгіі беларускага апавяданьня».

Густоўна аформленая кніга на 300 старонак рыхтавалася болей за тры гады. Апавяданьні разьмешчаны храналягічна, паводле сюжэтнай аднесенасьці да пэўнага часу, і ахопліваюць падзеі ад сталінскіх рэпрэсіяў («Жоўты пясочак» Быкава), праз вайну («Леанарда» Адамчыка), гады застою і перабудовы (напр. «Кароль Нябожа» таго ж Адамчыка або «Шклатара» Астошонка) – і да нашых дзён (творы Вежнавец, Арлова). Аблямоў¬ваюць падборку пазачасавыя прыпавесьці – быкаўскія «Мурашкі» і мінкінаўская антыўтапічная «Карова». У анталёгіі дваццаць апавяданьняў сямнаццаці аўтараў, сярод якіх – акрамя ўжо названых – Ігар Сідарук, Андрэй Федарэнка, Марыя Вайцяшонак, Адам Глёбус, Вінцэсь Мудроў... Нарэшце, укладальнік падбаў і пра гістарычныя ўводзіны ў кантэкст сучаснай беларускай літаратуры.

Як прызнаўся ўкладальнік – беларускі багеміст Сяргей Сматрычэнка – першыя водгукі чытачоў і крытыкі, як правіла, вельмі станоўчыя, адзіны закід – брак нерэалістычных, экспэрымэнтальных твораў. Больш за тое, выхад анталёгіі даў штуршок пэўнай цікавасьці да сучаснай беларускай літаратуры ў Чэхіі. Напрыклад, адно з выдавецтваў зацікавілася ўспамінамі Быкава і мае намер выдаць іх у сябе, а арганізатары аднаго з найбуйнейшых у Чэхіі літаратурных фэстываляў запрасілі да ўдзелу ў ім шэраг беларускіх літаратараў.

Колькі словаў трэба сказаць пра перакладчыкаў. Імі былі... пераважна ня чэхі, а беларускія багемісты, бо перакладчыкаў зь беларускай у Чэхіі вобмаль. Натуральна, што тэксты пасьля вельмі сур’ёзна рэдагаваліся, каб гучаць сапраўды па-чэску. Ці ня гэта шлях для папулярызацыі нашай літаратуры і ў іншых краінах, дзе бракуе беларусістаў?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?