Добрушскі фарфоравы завод заяўляе аб тым, што ўся выпускаеая ім прадукцыя адпавядае санітарным нормам і лічыць несапраўднымі вынікі аналізаў расійскага Расспажыўнагляду, у якіх зафіксаванае павышанае ўтрыманне цяжкіх металаў у вырабах завода, што рэалізуюцца на тэрыторыі РФ.

Добрушскі фарфоравы завод «афіцыйна заяўляе, што ўсе абвінавачванні ў адрас прадпрыемства аб пастаўцы ў Расійскую Федэрацыю няякаснай прадукцыі з утрыманнем небяспечных для жыцця і здароўя людзей хімічных элементаў — неабгрунтаваныя», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве прадпрыемства.

У заяве адзначаецца, што ДФЗ быў уведзены ў эксплуатацыю ў 1978 годзе і тэхналогія вытворчасці фарфору на прадпрыемстве ідэнтычная эхналогіі на іншых заводах РФ і СНД, у тым ліку і тых, якія карыстаюцца сусветнай вядомасцю. Акрамя таго, тэхналогія вытворчасці ДФЗ ідэнтычная той, якую ўжываюць польскія, чэшскія, нямецкія і іншыя прызнаныя еўрапейскія і сусветныя вытворцы фарфору. Прадстаўнікі завода звяртаюць увагу, што ўсе прадпрыемствы гэтай галіны ў краінах СНД выкарыстоўваюць «аднолькавую сыравіну і многія дапаможныя матэрыялы».

«У дадзены момант больш за 80% сыравіны і матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца ДФЗ, пастаўляецца з Расійскай Федэрацыі», — падкрэсліваецца ў заяве.

Пасля паведамлення аб выяўленні ў Забайкальскім краі РФ партыі посуду ДФЗ з перавышэннем утрымання шкодных рэчываў Дзяржстандарт Беларусі пераправерыў усе пратаколы выпрабаванняў і не выявіў у яго дзеяннях парушэнняў.

Між тым, Расспажыўнагляд пастанавіў спыніць рэалізацыю прадукцыі ДФЗ, яго вырабы былі канфіскаваныя з абароту і падлягаюць знішчэнню.

Кіраўнік Расспажыўнагляду, Генадзь Анішчанка, накіраваў кіраўнікам тэрытарыяльных упраўленняў ведамства ліст, у якім даручыў правесці лабараторныя даследаванні прадукцыі беларускага завода.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?