У чацьвер 28 верасьня ў судзе Маскоўскага раёну Менску мусіў быў адбыцца разгляд адміністрацыйнай справы рыма-каталіцкага сьвятара Антонія Кочкі. 78-гадовага ксяндза, грамадзяніна Польшчы Антонія Кочку абвінавачваюць у тым, што 22 верасьня ён правёў імшу ў касьцёле Сьв.Сымона і Алены.

Паводле беларускага заканадаўства, замежны сьвятар ня мае права адпраўляць службы ў іншых прыходах без дазволу камітэту ў справах рэлігіі. 22 верасьня ён праездам перабываў у Менску, дзе і адслужыў імшу. Па службе да яго ў рызьніцу падышлі два чалавекі ў цывільным і сказалі, што ён парушыў закон Рэспублікі Беларусь. Ксяндза завезьлі ў міліцыю, дзе склалі на яго пратакол.

У суд Маскоўскага раёну прыйшло каля пятнаццаці чалавек, сярод іх былі дыпляматы, палітыкі, сьвятары, журналісты. У раскладцы на дзень у судзе не было справы а.Антонія Кочкі. У канцылярыі суду ўвогуле сказалі, што нічога ня чулі пра гэтую справу. Яны не змаглі даць канкрэтнай інфармацыі, дзе адбудзецца разгляд справы пазьней і ці ўвогуле адбудзецца.

У сакратарыяце Чырвонага касьцёлу таксама кажуць, што нічога ня ведаюць пра справу Антонія Кочкі. На пытаньне, дзе цяпер ксёндз, там адказалі, што недзе ж ёсьць, ня зьнік жа чалавек. Пры пэўных умовах Антонія Кочку маглі б дэпартаваць з краіны, хоць той і нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі і апошнія 15 гадоў сьвятараваў у вёсцы Замосьце Слуцкага раёну. Цяпер няма ніякай яснасьці, ці застаўся ксёндз у Беларусі.

Галоўны каталіцкі партал Расеі www.katolik.ru паведамляе, што напярэдадні суду Беларуская Каталіцкая царква спрабавала вырашыць канфлікт з Камітэтам у справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, але як прайшлі перамовы – не паведамляецца. Цікава, што беларускі каталіцкі інтэрнэт-партал www.catholic.by ні словам не ўзгадаў пра канфлікт са сьвятаром. Кажуць і такое, што справу Антонія Кочкі асабіста вырашаў біскуп Антоні Дзям’янка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?