68 мясцовых лідэраў партыі падтрымалі Янукевіча і курс на «задзіночанне нацыянальна‑дэмакратычных сілаў». Яны падпісаліся пад заявай «Аб партыйнай еднасці і вернасці каштоўнасцям».

Падпісанты «сведчаць сваю еднасць і салідарнасць перад выпрабаваннямі, якія стаяць ці паўстануць на нашым агульным фронтаўскім шляху».

Таксама ў звароце ідзе асуджэнне любых спробаў унесці раскол у партыйныя шэрагі як звонку, так і знутры. «Разглядаем як правакацыю спробы дыскрэдытаваць кіроўныя органы Партыі і сабатаваць партыйную дысцыпліну, а пагатоў скарыстаць з паслугаў рэпрэсіўных органаў рэжыму дзеля задавальнення асабістых амбіцыяў», — тут маецца на ўвазе выпадак з Уладзімірам Малеем, які напісаў ліст у Міністэрства юстыцыі, пасля чаго партыя атрымала папярэджанне.

«Лічым праявай палітычнага інфантылізму і безадказнасці нежаданне некаторых паважаных сяброў Партыі ўзяць удзел у супольнай партыйнай працы ды іх адыход у пабочныя выбарчыя праекты», — камень у гарод Віктара Івашкевіча, які сышоў у каманду Андрэя Саннікава.

Вялікая ўвага надаецца прэзідэнцкім выбарам. «Выказваем падтрымку кіраўніцтву Партыі БНФ у яго дзеяннях дзеля падрыхтоўкі Партыі БНФ да ўдзелу ў асноўнай кампаніі 2010 г. — прэзідэнцкіх выбарах, а таксама ў яго намаганнях дзеля задзіночання ўсіх адказных нацыянальна‑дэмакратычных сілаў Беларусі. Заклікаем усіх сяброў Партыі БНФ аб’яднаць усе намаганні дзеля падтрымкі партыйнага кандыдата ў прэзідэнцкай кампаніі 2010 г., дзеля гуртавання ўсіх адказных нацыянальна‑дэмакратычных сілаў»

«Абяцаем, што непрыяцелі Партыі БНФ, якія прагнуць нашага аслаблення і знішчэння, застануцца жорстка расчараванымі», — сканчваецца заява.

Сярод падпісантаў, у асноўным, кіраўнікі раённых арганізацый Партыі: Сяргей Салаш (Барысаў), Сяргей Панамароў (Клецк), Павел Батуеў (Салігорск), Аляксей Сюдак (Вілейка), Віталь Амяльковіч (Слуцк), Зміцер Шэвель (Лагойск), Вадзім Саранчукоў (Гродна), Ігар Шэга (Слонім), Зміцер Шыманскі (Брэст), Аляксандр Дземянчук (Камянец), Алесь Рамановіч (Пінск), Зміцер Салаўёў (Магілёў), Барыс Вырвіч (Бялынічы), Эдуард Брокараў (Горкі), Мікалай Юркоў (Дрыбін), Кастусь Смолікаў (Віцебск), Яраслаў Берніковіч (Глыбокае), Лера Сом (Полацк), Алесь Шутаў (Ворша), Валеры Пуціцкі (Гомель), Вадзім Болбас (Светлагорск) і іншыя.

Подпісаў старшыні, а таксама ягоных намеснікаў няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?