Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, Беларусь у маі 2010 г. імпартавала 79,8 тыс. тон нафты з краін далёкага замежжа па цане $656 даляраў за тону. Гаворка пра першы танкер нафты з Венесуэлы.

Менавіта ў маі нафта з яго дасягнула Беларусі. Цану венесуэльскай нафты ўлады спачатку не раскрывалі.

«Краіна купляе нафту ў Венесуэле па добрай цане. Калі купляць расейскую нафту з стоадсоткавым мытам, Беларусь нясе страты, а на венесуэльскай нафце — выйграе. На нафце, якую мы прывезлі з Венесуэлы, мы зарабілі, гэта плюс, а не мінус», — сказаў літаральна два тыдні таму першы віцэ-прэм’ер РБ Уладзімір Сямашка.

Для параўнання кошт імпартаванай з Расіі нафты, паводле дадзеных Белстата, склаў $398 за тону. Пакуль няясна, якая доля з яе была атрымана на бязмытнай аснове, а якая — з выплатай мытаў.

Усяго Беларусь мае патрэбу ў 20 млн тон нафты штогод. Расія пастаўляе 6 млн тон на бязмытнай аснове.

Сярэдняя цана бязмытнай нафты расійскай нафты ў мінулым годзе складала 256 даляраў за тону. Сёлета гэтая цана вырасла ў сувязі з агульным ростам цэнаў на нафту.

Памер экспартнага мыта ў Расіі мяняўся: на працягу першага паўгоддзя яно складала 267–292 даляры за тону. З 1 ліпеня мыта зніжана да 248 даляраў за тону.

У цэлым сярэдняя экспартная цана на нафту «Урал» у Расіі складала ў студзені 522 даляры, у красавіку 547 даляраў.

Значыць,

«мытную нафту» Беларусь у Расіі закупляла ў сярэднім за 500–550 даляраў за тону — лічба, супастаўная з цаной венесуэльскай, калі ўлічыць, што «Санта Барбара» даражэйшая марка, чым танны «Урал».

Паводле дамоўленасцяў Аляксандра Лукашэнкі і Уга Чавеса, Мінск плануе закупіць у Каракаса 4 мільёна тон нафты ў 2010 годзе і 10 мільёнаў тон — у 2011 годзе.

Венесуэльская нафта будзе пастаўляцца танкерамі ў Адэсу й Эстонію, а адтуль — чыгункай да Мазыра. У 2010 годзе мае быць пастаўлена 4 млн т. У 2011-м — 10 мільёнаў. Ад 2011-га можа пачацца выкарыстанне нафтаправоду Адэса-Броды для пампавання гэтых аб’ёмаў.

Калі праект удасца ажыццявіць, упершыню будзе дасягнутая дыверсіфікацыя крыніцаў паставак энерганосьбітаў у Беларусь. Да апошняга часу Беларусь заставалася краінай, якая татальна залежыць ад паставак вуглевадародаў з Расіі. Паводле стандартаў ЕС, краіна не павінна атрымліваць ад аднаго пастаўшчыка больш за траціну аб’ёму спажываных энэрганосьбітаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?