Здаецца, гэта поўнае вар’яцтва. Тым не менш, добрая частка насельніцтва планеты перад адказнымі матчамі чэмпіянату свету па футболе чакала таго, што скажа васьміног Паўль.

Пачалося ўсё з таго, што ўладальнікі акіянарыума Аберхаўзена (Германія) дзеля забавы вырашылі з дапамогай аднаго са сваіх гадунцоў прадказваць вынікі матчаў сваёй зборнай на Еўра-2008. Выбралі маладога васьмінога Паўля.

Працэдура прадказанняў наступная: Паўлю змяшчаюць два акварыумы з ежай. На адным намаляваны сцяг Германіі, на іншым — суперніка. З якога васьміног вырашае паесці, той і перамагае. Калі галаваногі не праяўляе цікавасці да ежы, то будзе нічыя.

На Еўра Паўль даў трапныя адказы ў пяці з шасці выпадкаў. Толькі ў фінале ставіў на перамогу немцаў, а іспанцы аказаліся мацнейшымі.

Нягледзячы на тую няўдачу, сёлета было вырашана паўтарыць эксперымент з васьміногам. І той пачаў даваць адзін за адным правільныя вынікі. І добра б, каб Паўль прадказваў толькі перамогі немцаў, але ён абсалютна дакладна адгадаў пройгрыш «бундэсшафт» ад Сербіі.

Ужо да плэй-оф да меркавання васьмінога пачалі прыслухоўвацца. А бліжэй да вырашальных матчаў ажыятаж вакол аракула быў неймаверны.

Паўль не падкачаў. Перад фіналам васьміногу прапанавалі паспрабаваць упершыню адгадаць вынік матчу, дзе не гуляе Германія. Васьміног паставіў на іспанцаў, якія і сталі чэмпіёнамі. Восем трапных стрэлаў з васьмі!

У многіх краінах свету спрабавалі знайсці жывёлу, якая б гэтак жа дакладна адгадвала вынікі матчаў, як васьміног, але дарэмна. Напрыклад, аўстралійцы спадзяваліся на кракадзіла Гары.

Раз’юшаныя аргенцінскія фанаты ўжо прапаноўваюць зварыць з Паўля суп. Тым не менш, прадстаўніца акіянарыума Таня Мунцыг заявіла, што Паўль сыходзіць на заслужаны адпачынак. Яму ўжо два гады, а васьміногі пражываюць максімум чатыры.

На форумах заўзятары сцябуцца, што васьміног павінен пакінуць па сабе нашчадка, якому б перадаў талент празорцы.

Канечне, зразумела, што прадказанні Паўля — не больш як забаўка. Магчыма, выпадковасць, магчыма, у адзін з акварыумаў клалі больш смачную ежу. Тым не менш, людзі хочуць верыць у звышнатуральнае і таямнічае. І васьміногі аракул ім у гэтым дапамог.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?