У сакавіцкія дні, вяртаючыся з плошчы Каліноўскага, мне здавалася, што колы цягніка мэтрапалітэну выстукваюць «Жы-ве Бе-ла-ру-сь». Цяпер я прыслухоўваюся да грукату колаў, але ўсё марна, я ня чую тых гукаў, яны зьніклі. Ці назаўсёды?

Я ўпэўненая, што тыя маладыя людзі, якія былі на плошчы Каліноўскага, абавязкова раскажуць аб гэтым сваім дзецям. Пра Плошчу, пра намётавае мястэчка будуць расказваць нават людзі, якія ніколі там не былі. А што раскажу я? Толькі тры эпізоды з чатырохдзённага процістаяньня, толькі тры гісторыі з жыцьця Плошчы. І мае дзеці ўсё зразумеюць, пра Беларусь і пра беларусаў, якімі яны былі ў тыя сакавіцкія дні, калі было так страшэнна холадна.

Гісторыя першая: пра дзяўчыну і шалік

Яе, здаецца, звалі Наста, яна зьявілася раптоўна з намётавага мястэчка, у джынсах і цёплай кофце, і пачала ўзьбірацца на слуп зь бел-чырвона-белым сьцягам у руках. Людзі крычалі: «Што ты робіш, злазь», – але потым, убачыўшы яе ўмелыя рухі, прыціхлі. Раптам сьцяг споўз з вудзільна, і на зямлі яго пачалі нацягваць зноў, здаецца, рабілі гэта так марудна, а яна ўвесь гэты час была на вышыні чатырох мэтраў. Аддалі ёй сьцяг, яна паспрабавала яго замацаваць, але вудзільна не ўвайшло ў месца, дзе мусяць вісець сьцягі, і тады яна крыкнула, каб ёй далі яе шалік. Завязаўшы вудзіла ім, яна пасьпяхова зьлезла ўніз, дзе яе чакалі воплескі. Потым на сайце «Свабоды» я ўбачыла фатаздымак спэцназаўца, які, стоячы на грузавіку, зьдзірае гэты сьцяг у ноч ліквідацыі намётавага мястэчка. У нядзелю 26 сакавіка мне патэлефанаваў знаёмы і сказаў, што шалік дзяўчыны ўсё яшчэ вісіць. Мы яго сфатаграфавалі ў панядзелак, а потым ён зьнік. Хто яго зьняў і чаму, мабыць, застанецца невядомым назаўсёды. Ён быў ня сінім і ня бел-чырвоным, вось чаму яго не чапалі так доўга, але для тых людзей, хто бачыў яго ўладальніцу, ён стаў сымбалем мужнасьці і барацьбы. Ён – адзіная рэч, якая заставалася нейкі час на Плошчы пасьля ночы 23 сакавіка.

Гісторыя другая – пра маладафронтаўца

Мае сябры дагэтуль шкадуюць, што яго не сфатаграфавалі. Яму гадоў шаснаццаць, ён быў так лёгка апрануты, што становіцца холадна нават цяпер, у цёплы верасьнёўскі дзень, успамінаючы яго. На галаве стужка «Малады фронт», у руках плястыкавы кубак гарбаты, які не сагравае яго, а, здаецца, наадварот, прымушае неймаверна дрыжаць, ён дрыжыць усім целам, на яго балюча глядзець. Ён накіроўваецца ў бок даішніка і прапаноўвае яму сваю гарбату, той, вядома, адмаўляецца. Цікава, ён баіцца страціць працу ці грэбуе ўзяць штосьці з рук «адмарозка»? Я ўпэўненая, што калі ў гэтага гаішніка засталося штосьці чалавечае ў душы, ён, убачыўшы гэтага худзенькага юнака з разумнымі неабыякавымі вачыма, павінен быў узьненавідзець таго, хто яго супрацьпаставіў гэтаму юнаку, хто прымушае яго штрафаваць кіроўцаў, якія сыгналяць гэтаму хлопцу.

Гісторыя трэцяя пра... Самі яе назавеце, як хочаце

Жанчына гадоў пяцідзесяці, добра апранутая, відаць, што цяпер вельмі старанна сочыць за сваім выглядам, але прыгожай яе назваць цяжка. Побач зь ёй прывабны мужчына яе гадоў, пра такіх дастаткова сказаць адно слова – інтэлігент. Я са сваім сябром пазнаёмілася зь імі з той лёгкасьцю, якая была ўласьцівая, я думаю, усім знаёмствам у тым месцы ў той час – проста стаялі побач і загаварылі. Жанчына галасавала за Лукашэнку, а на Плошчу яна прыйшла, каб праверыць, ці сьмярдзіць тут так, як аб гэтым расказала БТ. Мы расказалі пра тое, як людзей саджаюць на пятнаццаць сутак за спробу пранесьці ежу на Плошчу, пра бабульку, якая несла два яблыкі, і як яе прымусілі надкусіць іх, пра дзяўчыну, што несла аладкі і якую прымусілі ў міліцэйскім участку іх есьці. Жанчына вельмі дзівілася і не давала нам веры.

– А вы, калі ня верыце, заўтра паспрабуйце прайсьці з пакетам ежы, – прапанавала я.

– Толькі вазьмі столькі, колькі зможаш зьесьці, – пажартаваў мужчына.

– Не! Я баюся! – адказала жанчына.

Як можна ня верыць у існаваньне чагосьці і адначасова баяцца гэтага?!

У гэты час на Плошчы пачалі зачытваць сьпіс людзей, якіх затрымалі за апошні дзень.

– Дзесяць-пятнаццаць сутак. Гэта ж так многа! А чаму вы не ідзяцё іх вызваляць?! – спытала жанчына.

Я ня ведала, што адказаць, як і ня ведала, як рэагаваць на наступныя яе разважаньні аб тым, што яна за стабільнасьць, аб тым, як яна любіць Расею, расейскую літаратуру ХІХ ст. Урэшце, яна сказала, што ёй трэба ісьці карміць сваіх котак. А я ўсё яшчэ доўгі час не магла паверыць, што людзі, якія маюць вышэйшую адукацыю (яна скончыла БДУ) і якія захапляюцца расейскай літаратурай, могуць быць такія!!!

Сымбалічна, што першыя дзьве гісторыі адбыліся ў першы дзень існаваньня намётавага мястэчка, а трэцяя – у апошні ягоны дзень. Гераізм адных і абыякавасьць іншых. Дзякуючы гераізму моладзі мястэчка зьявілася і жыло, праз абыякавасьць старэйшага пакаленьня яно... зьнікла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?