Два акравершы

ЗВОН

Гэты голас – густы, грамавіты,

і тужлівы, і гнеўны –

лохмы згубнага чаду над акрадзеным духам людзкім

еліка крат ужо, еліка крат

вечавым клічам праймае,

і вычэрпу ня мае

чуйнаваньне любові прасьветлай

у вякамі няўціхным набаце:

«Мову – нашу – нам! Мову – нашу – нам! Мову – нашу – ...!»

Але хто ж гэта чуе яго

цяпер, апроч варагоў?

Як дабудзіцца сваіх, радакоў,

што пачадзелі, пааглухалі – бязмоўныя?

НЕМАЖЛІВА

Нехта ціха аб’явіцца ў кватэры пустой

і дотыкам, да сьцінаньня сардэчнага помным,

лёгка-лёгка пашарэлай кранецца шчакі:

«Ужо ж днее, людзі ноч разабралі, а ты й не прылёг.

Гэтак у працу ўлягаць – ці ж разумна?

І годзе ўжо, годзе даводзіць усім сваю праўду, –

ліхадухам яна без патрэбы,

едкай поліўкай бессаромнай хлусьні ды зьнявагі –

вось чым жывяцца ўсе яны

і частуюць ласых ды непераборлівых.

Часам ператрываць, перамоўчаць больш годна, як

утрапёна адказваць на кожны злы выпад...»

Меркнуць апошнія зоркі, кужэльнее ўсход...

Ах, каб жа можна было стацца меней датклівым ды ўразьлівым,

ці болей абачлівым ды асьцярожным,

як бы чуць – і ня чуць, назіраць – і ня бачыць,

што дзеецца вокал зь людзьмі, з

нашай мовай і спадчынай, і маўчаць,

і ня вянуць душой ад абразы і гневу бясьсілага,

не дадаваць і Табе гэтым лішняга болю,

ахвярны анёле мой, дарагая мая, недаступная...

ПЭЎНА, ТАМУ...

Сяргею Законьнікаву

Пэўна, таму й галава пабялела,

пэўна, таму і туга ў вачах:

усюды шукаў прычыны для радасьці,

заўсёды жыў ня так, як хацеў.

Пэўна, таму й ступакі падбіліся,

пэўна, таму і сэрца баліць:

заўсёды шукаў прычыны для радасьці,

усюды жыў ня так, як хацеў.

Пэўна, таму, што мой посах – слова,

пэўна, таму, што радзіма – боль,

іду і шукаю прычыны для радасьці,

бо іншага шляху, каб жыць, няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?