Журналісты, сябры ГА «БАЖ» Алег Ражкоў і Таццяна Бублікава, рыхтуючы відэаролік пра анамальную спёку, 14 ліпеня звярнуліся па каментар у гарадскі шпіталь хуткай меддапамогі. У прыёмным пакоі журналістаў накіравалі да адзінага прысутнага на той час начальніка — адказнага тэрапеўта бальніцы Вольгі Маісеенкі. Урач забараніла рабіць любыя здымкі ў бальнічным калідоры, а таксама адмовілася даць каментар.

Паводле словаў журналісткі Таццяны Бублікавай, медык патлумачыла сваю адмову неабходнасцю атрымаць дазвол начальства. І параіла журналістам звярнуцца па каментар да галоўурача альбо начмеда на наступны дзень.

«Мы прасілі даць простыя парады для людзей: як выжываць, калі на вуліцы амаль 35 градусаў, — расказала службе маніторынгу ГА «БАЖ« Таццяна Бублікава. — У каментары не магло быць ніякай палітыкі, ніякага крыміналу. Але медыка гэта не цікавіла, як і нашы журналісцкія пасведчанні. Я адчула, што доктар проста баіцца наўпрост, без начальства, камунікаваць з журналістамі».

Прычынай такіх адмоваў ёсць страх, лічыць журналістка, магістр філасофіі Юнэля Сальнікава:

«На ўсялякі выпадак народ проста адмаўляецца ад кантактаў з «нячэснымі« журналістамі. Беларусы баяцца публічнасці, асабліва калі гэта тычыцца працы і перспектывы яе згубіць…»

Парады наконт паводзінаў пры анамальнай спёцы журналісты Ражкоў і Бублікава запісалі ў той жа дзень, але ў іншай медычнай установе, дзе дазволу начальства не спатрэбілася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?