Беларусь у Мытным саюзе пакуль нічога асабліва не набывае, але і не страчвае. Аб гэтым заявіў сёння прэзідэнт Беларусі, адказваючы на пытанні журналістаў.

Аляксандр Лукашэнка расказаў журналістам, што на адным з закрытых пасяджэнняў ён спытаў у Дзмітрыя Мядзведзева: «Вы што, хочаце стварыць МС, каб пужнуць Захад — калі вы нас у СГА не бераце, то мы сваю СГА тут створым? Калі так, то вы нам скажыце, можа мы вас у гэтым і падтрымаем». Адказ расійскага прэзідэнта быў такі: «А што тут дрэннага, можа і так».

«Я ўсё больш пераконваюся, што Расія будуе сваю палітыку, каб запужаць не толькі бліжэйшых сваіх партнёраў, але і далёкіх. Маўляў, мы вам тут пакажам. Вы ведаеце, свет змяніўся — сёння ніхто нікому не «пакажа», — сказаў беларускі лідэр.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, Мытны саюз для Расіі, відаць, своеасаблівая вялікая гульня.
«Расія ў гэтым Мытным саюзе пакуль толькі набывае. Мы нічога не набываем, але і не страчваем, таксама як і Казахстан. Вось на гэтым этапе мы яшчэ нічога не страчваем. А ўжо далей пойдуць перагаворы па роўным доступе да трубаправоднага транспарту. Гэта значыць ужо Казахстан павінен атрымаць права транспартаваць па расійскіх шляхах свае тавары ў Беларусь і наадварот. Вось тады і паглядзім, ці згодзіцца Расія ўпусціць казахстанскую нафту і прыродны газ у свае трубы, каб была канкурэнцыя на рынку. Вось тады і ўбачым, патрэбны ёй сапраўды Мытны саюз ці не. Час пакажа, хто чаго варты ў гэтым жыцці», — рэзюмаваў прэзідэнт.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?