Драматург Андрэй Курэйчык, звольнены з Універсітэта культуры пасля рэзананснага інтэрв'ю апазіцыйным СМІ, працягне выкладчыцкую працу. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве культуры.

Нагадаем, месяц таму вядомы сцэнарыст і драматург Андрэй Курэйчык у інтэрв'ю апазіцыйным выданням выказаў здзіўленне з нагоды пераследу актывістаў грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" і выказаўся ў падтрымку паэта Уладзіміра Някляева. Пасля публікацыі гутаркі, па словах Курэйчыка, на кафедру тэатральнай творчасці прыйшло распараджэнне "зверху" не працягваць з ім кантракт. На кафедры неафіцыйна пацвердзілі, што звальненне мае палітычны характар.

У знак пратэсту Андрэй Курэйчык адмовіўся прымаць іспыты і неадкладна разарваў усе кантакты з Універсітэтам культуры.

"Мяне запрасілі выкладаць на першы курс драматургаў і сцэнарыстаў год таму як адзінага дзейнага спецыяліста ў галіне вялікага кіно, які на сталай аснове працуе на рынках Расіі і ЗША. Мая зарплата складае нешта каля 100 тысяч рублёў, я траціў ў дзесяткі разоў больш на авіябілеты, бо часта я спецыяльна прылятаў з Масквы, каб правесці заняткі. Я працаваў толькі з адной мэтай -- вырасціць новае пакаленне прафесійных аўтараў, -- Андрэй Курэйчык паведаміў тады TUT.BY. -- Гэтыя людзі не думаюць пра студэнтаў. Не думаюць пра адраджэнне айчыннага тэатра і кіно. Не думаюць, што выкладаць гэтыя дысцыпліны, ды яшчэ за гэтыя грошы, няма каму! У іх у вачах толькі адно - страх! Ці магчыма такое ў любым прыстойным універсітэце цывілізаванага свету? Я думаю, ніхто не мае права дыктаваць мне, каму і як даваць інтэрв'ю і што ў іх казаць".

Пасля ўмяшальніцтва прадстаўнікоў Міністэрства культуры канфліктная сітуацыя была вырашаная, і Андрэй Курэйчык працягне працу са студэнтамі.

У дадзены момант драматург знаходзіцца ў Маскве, аднак ужо паінфармаваны аб аднаўленні на пасадзе і згодны вярнуцца да выкладчыцкай дзейнасці ў верасні.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру