Памятаеце эпізод славутага фільма «Белае сонца пустыні»? Там юны чырвонаармеец Пятруха настойліва прасіў адну з жонак Абдулы — кіраўніка, кажучы сучаснай мовай, «незаконнага бандфармавання» у Туркестане: «Гюльчатай, открой личико!» Але на яго няшчасце, пад паранджой схаваўся той самы Абдула, які закалоў Пятруху, а перад тым задушыў сваю юную жонку. Тое, што ў кіно падавалася трагікамедыяй, сёння парадкасальным чынам набывае рэальныя абрысы ў жыцці.

Сёлетні парад у Парыжы з нагоды галоўнага нацыянальнага свята Францыі — Дня ўзяцця Бастыліі прайшоў даволі сціпла. Але ён быў адметны тым, што ўпершыню ў гісторыі ў ім ўзялі ўдзел вайскоўцы з краінаў Афрыкі — былых французскіх калоній.

У гады Другой сусветнай вайны тысячы алжырцаў, малійцаў, сенегальцаў, выхадцы з іншых каланіяльных краін побач з французамі ваявалі з фашызмам, ахвяруючы сваімі жыццямі. Але дагэтуль тыя ветэраны-афрыканцы, што жывуць, дакладней — дажываюць свой век, атрымліваюць меншыя пенсіі, чым карэнныя ветэраны-французы. Урад абяцаў выправіць несправядлівасць. Гэта выклікала станоўчую рэакцыю ў грамадстве. Але праваабаронцы звярнулі ўвагу на тое, што сярод запрошаных прэзідэнтам Сарказі на парад былі і прадстаўнікі узброеных сіл з тых, дзе захоўваюцца дыктатарскія рэжымы і дзе гэтыя сілы выкарыстоўваюцца для жорсткіх разгонаў дэманстрацый.

Многія лічаць запрашэнне на парад у Парыж папулісцкім жэстам, падставай нагадаць пра веліч Францыі, якая раней была імперыяй. Дарэчы, акурат паўстагоддзя таму пад эгідай ААН адбылося вызваленне большасці каланіяльных краін (у ліку абвешчаных незалежнымі былі і французскія калоніі). У Савецкім Саюзе, здаецца, 25 мая з гэтай нагоды афіцыйна адзначаўся Дзень вызвалення Афрыкі.

Зразумела, ніякія жэсты ў вонкавай палітыцы Парыжа ў дачыненні да былых калоній не могуць зняць праблемы ва ўнутранай палітыцы Фрацыі. Там захоўваецца напружанне з-за таго, што арабы ды іншыя «афра-еўрапейцы», у асноўным — нашчадкі выхадцаў з былых калоній альбо натуралізаваныя імігранты (дый нелегальныя таксама, зразумела) лічаць, што французская дзяржава іх дыскрымінуе пры прыёме на працу, у вышэйшыя навучальныя ўстановы і г.д. Акрамя таго, ёсць і белы расізм.

Адзіны спосаб дасягнуць поспеху ў такім грамадстве — стаць «зоркай» футбола.

Пераважная частка імігрантаў, якія ў Парыжы складаюць ужо амаль 40 адсоткаў насельніцтва, спавядае іслам.

Закон аб забароне насіць паранджу ў публічных месцах, хоць ён пакуль не зацверджаны ў сенаце, выклікаў вострую дыскусію ў грамадстве. З усёй мусульманскай грамады ў Францыі паранджу носяць усяго некалькі тысяч жанчын. Але вельмі многія французы апасаюцца новай успышкі варажнечы, памятаючы, як яшчэ нядаўна ў Парыжы ды іншых буйных гарадах краіны па начах палалі аўтамашыны, падпаленыя арабскімі маладзёнамі ды будаваліся барыкады. Падставай закалотаў паслужыла смерць двух арабскіх падлеткаў, якія, ратуючыся ад паліцыі, схаваліся ў трансфарматарнай будцы…

Тое безладдзе было выклікана не супрацьстаяннем хрысціянскай і ісламскай рэлігій, але, хутчэй, сацыяльна-эканамічнымі прычынамі. Але ж і цяперашняе рашэнне ніжняй палаты парламента забараніць публічнае нашэнне буркі (паранджы) тлумачыцца не неабходнасцю абараніць хрысціянскую культуру, але патрэбай грамадскай бяспекі, у прыватнасці — абаронай ад тэрарызму. («Гюльчатай, пакажы твар!»)

Але абаронцы правоў жанчын кажуць пра дыскрымінацыю і гвалт над мусульманкамі, якіх мужы прымушаюць насіць бурку і тым самым прыніжаюць іх годнасць. Мусульмане, у тым ліку, жанчыны-актывісткі, са свайго боку кажуць пра ўмяшанне дзяржавы ў прыватнае жыццё, парушэнне свабоды сумлення. Пры гэтым, што цікава, яны спасылаюцца на Канстытуцыю Францыю, якая гарантуе ўсім роўныя правы!

Іх апаненты, у сваю чаргу, нагадваюць, што ў некаторых мусульманскіх краінах — найперш, у Саудаўскай Аравіі, жанчыны абавязаны трымацца строгіх правілаў, у тым ліку, у адзенні
(калі жанчына з’явіцца на вуліцы ў міні, яе адразу затрымаюць і, у лепшым выпадку, аштрафуюць). На што абаронцы права жанчын закрываць свой твар пярэчаць: дык тое ж адбываецца ў аўтарытарнай тэакратычнай краіне, а Францыя — дэмакратычная, цывілізаваная дзяржава! То бок, у мусульманскіх дзяржавах дыскрымінацыя і парушэнне правоў чалавека — з’ява цалкам нармальная. А вось Еўропа абавязана паступаць цывілізавана ў дачыненні да ўсіх, у тым ліку, і да тых, хто адкрыта зневажае яе каштоўнасці.

Гэта адваротны бок той самай паліткарэктнасці, якая столькі гадоў замяняла для еўрабюракратаў абавязак выразна сфармуляваць адказную палітыку ў міжнацыянальных і міжканфесійных пытаннях. Можна сказаць, што забарона на будаванне мінарэтаў у Швейцарыі (якая, між іншым, ніколі не была каланіяльнай імперыяй), рашэнне італьянскіх уладаў вярнуць укрыжаванні ў школьныя класы, і цяперашняе рашэнне французскага парламента знамянуе заканчэнне эпохі паліткарэктнасці.

Вось толькі справа зайшла ўжо надта далёка. Адзін з добра забяспечаных ісламістаў, што жыве ў Францыі, заявіў аб стварэнні ім адмысловага фонду, з якога будуць выплочвацца штрафы, прысуджаныя жанчынам за паранджу. А яны будуць яе насіць па-ранейшаму — гэта ні ў кога сумневаў не выклікае. Як і тое, што іх будуць суправаджаць мажныя целаахоўнікі, якія блізка не падпусцяць да жанчын паліцыянтаў.

А ці з’явяцца жанчыны ў паранджы на вуліцах Мінска? Як той казаў, пажывем — пабачым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0