20 ліпеня ў гаспадарчым судзе Мінска адбылося папярэдняе судовае паседжанне, на якім разглядалася новая позва Мінгарвыканкама да адукацыйнай установы «Рух наперад» і уладальніка памяшканняў, якія установа арандуе.

Мінгарвыканкам настойвае на неабходнасці ліквідацыі рэгістрацыі «Руху наперад» праз тое, што плошчы, якія займае установа, паводле пашпарту, з’яўляюцца гандлёвымі і «Рух наперад» не можа іх выкарыстоўваць.

Як распавяла у размове з карэспандэнтам «НН» намеснік дырэктара «Руху наперад» Ніна Пахлопка, на арандуемых установай плошчах ужо даволі працяглы час размяшчаліся адміністрацыйныя памяшканні, аднак раней цікавасць да іх Мінгарвыканкам не праяўляў.

Калі адбудзецца асноўнае паседжанне па разгляду новай позвы — невядома.

Нагадаем, што 7 ліпеня Мінгарвыканкам ужо прайграў адну судовую справу «Руху наперад», які з’яўляецца заснавальнікам грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». На тым судзе прадстаўнік гарадскіх уладаў, Эмілія Пазняк, настойвала на неабходнасці ліквідацыі рэгістрацыі «Руху наперад» у сувязі з падачай непраўдзівых звестак падчас рэгістрацыі. Аднак суддзя А.Аляшкевіч палічыў прэтэнзіі Мінгарвыканкама неабгрунтаванымі і прыняў бок адказчыка.

Мінгарвыканкам з такім рашэннем не пагадзіўся і падаў апеляцыю. Яе разгляд адбудзецца 29 ліпеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?