Апошні тыдзень у Беларусі стаў рэкордным за апошнія 30 гадоў па колькасці патанулых. Як паведамілі ў Беларускім рэспубліканскім таварыстве ратавання на водах, з 12 па 18 ліпеня ў вадзе загінулі 145 чалавек, у тым ліку восем дзяцей.

Непасрэдна пры купанні ў вадаёмах загінулі 123 чалавекі, прычым 54 — толькі за выхадныя. Спецыялісты звязваюць павелічэнне колькасці няшчасных выпадкаў на вадзе з гарачым надвор'ем. Прычынай амаль усіх здарэнняў стала элементарнае парушэнне правілаў бяспечных паводзінаў на вадзе: многія з патануўшых знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення.

Больш за 100 чалавек на мінулым тыдні былі выратаваныя, удалося прадухіліць больш як 400 няшчасных выпадкаў.

Паводле аператыўных звестак, з пачатку 2010 года па 18 ліпеня ў Беларусі ад трапляння вады ў дыхальныя шляхі загінулі 609 чалавек, з якіх 51 непаўналетні. За гэты ж перыяд выратаваны 481 грамадзянін, папярэджаны 4 тысячы 215 няшчасны выпадкаў.

Што тычыцца іншых наступстваў анамальна спякотлівага надвор'я, то, як паведамілі БелаПАН у Мінскай гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі, у сталіцы фіксуецца нязначнае павелічэнне выклікаў па прычыне страты прытомнасці, інсультаў, цеплавых і сонечных удараў. У прыватнасці, за апошнія выхадныя было зарэгістравана 10 выпадкаў цеплавых удараў і адзін — сонечных апёкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?