30 верасьня спаўняецца 75 год народнаму паэту Беларусі Нілу Гілевічу. Ён нарадзіўся ў 1931 году ў вёсцы Слабада, што на Лагойшчыне. Ён аўтар мноства лірычных зборнікаў, песьняў, перакладаў, раману ў вершах «Родныя дзеці», а таксама вядомы навуковец-фальклярыст. Дзякуючы Гілевічавым паэтычным перакладам, да нас прамаўлялі ўкраінскія, баўгарскія, сэрбскія, славенскія, сэрбалужыцкія і іншыя пісьменьнікі сьвету.

Першай сваё вершаванае віншаваньне паэту даслала Ніна Мацяш зь Белаазёрску:

ЗВОН

Гэты голас – густы, грамавіты,

і тужлівы, і гнеўны –

лохмы згубнага чаду над акрадзеным духам людзкім

еліка крат ужо, еліка крат

вечавым клічам праймае,

і вычэрпу ня мае

чуйнаваньне любові прасьветлай

у вякамі няўціхным набаце:

«Мову – нашу – нам! Мову – нашу – нам! Мову – нашу – ...!»

Але хто ж гэта чуе яго

цяпер, апроч варагоў?

Як дабудзіцца сваіх, радакоў,

што пачадзелі, пааглухалі – бязмоўныя?

НЕМАЖЛІВА

Нехта ціха аб’явіцца ў кватэры пустой

і дотыкам, да сьцінаньня сардэчнага помным,

лёгка-лёгка пашарэлай кранецца шчакі:

«Ужо ж днее, людзі ноч разабралі, а ты й не прылёг.

Гэтак у працу ўлягаць – ці ж разумна?

І годзе ўжо, годзе даводзіць усім сваю праўду, –

ліхадухам яна без патрэбы,

едкай поліўкай бессаромнай хлусьні ды зьнявагі –

вось чым жывяцца ўсе яны

і частуюць ласых ды непераборлівых.

Часам ператрываць, перамоўчаць больш годна, як

утрапёна адказваць на кожны злы выпад...»

Меркнуць апошнія зоркі, кужэльнее ўсход...

Ах, каб жа можна было стацца меней датклівым ды ўразьлівым,

ці болей абачлівым ды асьцярожным,

як бы чуць – і ня чуць, назіраць – і ня бачыць,

што дзеецца вокал зь людзьмі, з

нашай мовай і спадчынай, і маўчаць,

і ня вянуць душой ад абразы і гневу бясьсілага,

не дадаваць і Табе гэтым лішняга болю,

ахвярны анёле мой, дарагая мая, недаступная...

Свой віншавальны ліст Н.Гілевічу на адрас «НН» даслаў наш чытач зь Верхнядзьвінску Антон Бубала:

Далучаю свой голас да тысячаў віншаваньняў на адрас дарагога ўсім беларусам юбіляра – шаноўнага Ніла Сымонавіча Гілевіча. Люблю яго, як свайго роднага дзядзьку, старэйшага сябра, аднадумца і дарадчыка. У ягоных творах чытаю маю шчырую, збалелую Беларусь.

А тыя творцы і члены «правільнага» ваенна-паэтычнага саюзу, што імкнуцца замоўчваць вялікага Паэта, саштурхнуць яго з высокага п’едэсталу, дарэмна стараюцца. Ніл Сымонавіч Гілевіч – назаўжды народны.

А пра іх – што скажаш? Хіба такое:

Генэральны пісака

Надзейна, нібы манумэнт, засеў,

Валадарам гнаў оды, аж злысеў.

А колькі перавёў чарніла!

Ды ўсё ж папера нат ня сьніла,

Каб з-пад ягонага пяра –

З усіх тамоў, што выйшлі на-гара, –

Наскробся хоць радочак, годны Ніла.

Рэдакцыя далучаецца да віншаваньняў і журыцца, што юбіляр катэгарычна адмаўляецца ад юбілейных інтэрвію.

Калярытныя мэмуары Ніла Гілевіча натомест можна прачытаць у апошніх нумарох часопісу «Дзеяслоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0