Як не памыліцца, не пераплаціць пры набыцці машыны? Якія цэны на папулярныя мадэлі сёння можна лічыць адэкватнымі?

Цэны на аўтазапчасткі павялічацца

Прэса пра гэта пакуль не паведамляла, а вось гандляры аўтакрамаў з імпэтам абмяркоўваюць пытанне.

— Чаму аўтазапчасткі будуць каштаваць даражэй? Гэта відавочная ісціна, — тлумачыць эканамічныя механізмы Алег Шаўрук, уладальнік кропкі з запчасткамі на рынку «Ждановічы». — У краіну прыгналі багата машын, нашмат болей, чым звычайна. Пакуль што яны ездзяць, але хутка пачнуць ламацца. Попыт на запчасткі істотна павялічыцца. Чаму б мне на гэтым не зарабіць? Мы ўжо рыхтуемся павялічыць цэны на 10%. Да таго ж цэны залежаць ад еўра. Улетку вартасць валюты знізілася. І калі еўра пачне расці — кошты зноў-такі пачнуць павялічвацца. Таму рыхтуйцеся.

Падобна на тое, што цэны на рынку бэкашных аўто хутка дасягнуць рэкорднага мінімуму.

Эксперты падлічваюць падзенні цэнаў у працэнтах. Так, старшыня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч адзначае, што за два апошнія месяцы аўтамабілі ў сярэднім згубілі каля 15% ад сваіх былых рынкавых коштаў. І тэндэнцыя да зніжэння працягваецца.

Вядомы аўтаэксперт Анатоль Шаўчэнка, галоўны рэдактар газеты «Аўтадайжэст», зазначае, што аўтарынак «лёг»:

— Прапанова перавышае попыт, машыны амаль ніхто не купляе. Патанненне аўтамабіляў будзе працягвацца да канца лета, а то і да канца года.

Падзенне коштаў відавочнае, вочы з цяжкасцю вераць асобным фактам. Напрыклад, у маім гаражным кааператыве стаіць белы «Опель Астра» 2002 года з аб’ёмам рухавіка 2000 см 3. Па-суседску ведаю, што аўтамабіль у нармальным стане. Яшчэ месяц таму на машыне вісела аб’ява «Прадам. 6050 у.а." Два тыдні таму ўладальнік змяніў аб’яву на «Прадам тэрмінова, 4950 у.а.». Машына як стаяла, так і стаіць.

На папулярным народным аўтарынку «Ждановічы», куды прыязджаюць гандляры з усёй Беларусі, такое ж коштавае падзенне. І нягледзячы на гэта — толькі маленькая купка пакупнікоў.

— Некаторыя людзі прадавалі зямлю, дачы, кватэры. Куплялі тузін машын, спадзяваліся ў Расію прадаць. Але межы не адкрылі, і ўсё ляснулася,

— з сумнай усмешкай распавядае аўтаперагоншчык Максім. — Па рынку чуткі ходзяць, што адзін з такіх мясцовых «бізнэсменаў» у псіхушку трапіў. А што вы хочаце? Аддаём машыны амаль па сабекошце.

Максім прапанаваў набыць яго «Рэно Лагуну» 2002 года (дызельны рухавік аб’ёмам 1900 см 3) за 5500 долараў ЗША. Яшчэ ўзімку такая машына каштавала прыкладна 7700 долараў. Бензінавую «Лагуну» такога ж года сёння можна ўзяць за 5000 долараў.

— Кажуць, з восені кошты ўверх папаўзуць, калі рынак нармалізуецца, — з надзеяй у голасе перагаворваліся гандляры ля чорнай «Аўдзі». — Саня Шайба (аўтаперагоншчык, які працуе на «Ждановічах») вунь увогуле машыны не выганяе на рынак, чакае, пакуль скончыцца лета.

Галоўнае правіла — не спяшайцеся аддаваць грошы!

Калі вы той самы рэдкі прадбачлівы «партызан», які сядзеў у кустах і чакаў неверагоднага патаннення аўто (у асноўным людзі ўжо набылі аўтамабілі і не маюць грошай на чарговую замену), то памятайце залатое правіла — не спяшайцеся!

Сітуацыя на рынку дазваляе выбіраць машыну педантычна і з халоднай галавой.

На «Ждановічах» пабачыў дагледжаны «Фальксваген Пасат» 2002 года за 9600 (бензінавы рухавік 1800 см³).

— Гарантую, што гэта машына тут доўга не прастаіць, заўтра ж схопяць, — пабажыўся гандляр і працягнуў сваю візітоўку «Аўтамабілі са Швейцарыі».

І што вы думаеце? Так распісаў свой «Пасат», што, каб былі ў мяне грошы, кінуўся б яго купляць. Не аўтагандляр, а Кашпіроўскі нейкі.

Прайшоў літаральна 500 метраў і бачу «Фальксваген Пасат» 2003 года (з дызельным рухавіком 1900 см 3) за… 7950 долараў ЗША. У параўнанні з мінулай машынай гэтая на год маладзейшая, з лепшым рухавіком ды яшчэ і таннейшая на 1650 баксаў!

— Я сам з Капыля, учора выставіў «Пасат» за 8300 долараў, але дадому трэба, грошы патрэбныя. Таму і збіў цану, — патлумачыў гандляр.

Вось якія вялікія разбежкі коштаў!

У такой сітуацыі ёсць надзейная стратэгія выжывання — дасканала вывучаць усе прапановы і не спяшацца, правяраць кожную дэтальку машыны на СТА. Крытычная сітуацыя на аўтарынку толькі спрыяе такім паводзінам.

Самы надзейны варыянт, зразумела, купіць новую машыну ў аўтасалоне. Гады тры ўвогуле не будзе ламацца. Але мытныя пошліны для юрыдычных асобаў былі істотна павялічаныя. У выніку продаж машын у аўтасалонах скараціўся як мінімум на 30%, а цэны выраслі.

Аналіз коштаў на аўтарынку

Журналіст «абышоў аўтарынкі, перачытаў аб’явы ў рэкламных газетах, «прапыласосіў» інтэрнэт. Дэталёва вывучыў сітуацыю: якія кошты можна назваць адэкватнымі, якія — завышанымі.

Такім чынам, мы склалі табліцу з цэнамі на папулярныя ў народзе легкавікі.

Аднак перад тым, як яе прагледзець, улічыце два важныя моманты:

1) Высветлілася, што падзенне коштаў амаль не закранула так званыя гарадскія аўтамабілі (у народзе іх называюць малалітражкі, жаночыя машынкі). Прычына — невялікі попыт на такі тавар.

2) Улічыце, што пазначаны кошт можна збіць на 200–300 долараў ЗША. Так на аўтарынку прынята.

Калі машыны зноўку пачнуць даражэць?

Прадказаць гэта дакладна амаль немагчыма. Падаражэнні на аўтарынку залежаць ад некалькіх чыннікаў:

Першы: павелічэнне мытных пошлін на ўвоз машын для фізічных асобаў з 2011 года. Чым бліжэй да гэтай даты, тым болей аўтагандляры будуць падвышаць кошты.

Але ў сувязі з тым, што палітыкі не могуць дамовіцца наконт супольнай мытнай прасторы, павелічэнне пошлін з 2011 года сёння выглядае малаверагодным. Хоць сітуацыя можа змяніцца ў любы момант. Беларусы ўжо навучаныя тым, што чыноўнікі часам прымаюць самыя нечаканыя рашэнні.

Другі: калі сітуацыя на аўтарынку нармалізуецца (а гэта неадступна здарыцца), кошты зноўку пачнуць павышацца. Агромістая колькасць увезеных у Беларусь легкавікоў усё адно разыдзецца, і тады суадносіны попыту і прапановы запрацуюць па-ранейшаму.

Эксперты адзначаюць, што, хутчэй за ўсё, сітуацыя на аўтарынку нармалізуецца з пачатку новага года. А кошты, хутчэй за ўсё, пачнуць павышацца з вясны 2011-га.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?