На будпляцоўцы вакол адноўленага Успенскага сабора ў Віцебску экскаватары выкопваюць людскія парэшткі. Чые? Адказныя асобы не імкнуцца разбірацца.

Малюнак 1911 г.

Хто дакладна не мог аымліваць салоду ад усіх прыемнасцяў «Славянкі-2010» у Віцебску — дык гэта будаўнікі ля Успенскай царквы. У самую спёку яны «гарэлі» на працы. Асноўныя сілы кінутыя на парадкаванне прысаборнай плошчы.

Мы падышлі да будоўлі з боку былога базыльянскага кляштара (цяпер станкаінструментальны тэхнікум). Не пабачыўшы знакаў, якія б забаранялі праход, спакойна змаглі паздымаць будаўнічыя ямы. Ніхто не звяртаў на нас увагі.Тут і трапілася на вочы костка. Потым яшчэ адна…

Косткі былі паўсюдна: у ямах, пад коламі і каўшамі экскаватараў. Косткі людзей. Могілкі? Пахаванні ўніяцкіх святароў? Аднак нават мы, маладыя і нявопытныя гісторыкі, маглі сказаць, што косткам не больш за сто гадоў.

Тут нас нарэшце заўважыла вартаўніца. На нашае адчайнае: «Гэта ж людзі!» — адрэагавала млява. У Віцебску косткі паўсюль — толькі капні. А сама яна тут першы дзень і нічога не ведае.

Наваколле замерла, стомленае ад спёкі: сонца пякло нават увечары. І не верылася, што зусім блізка народ гуляе на фестывалі…

Пракуратура сказала — быдлячыя

«Ёсць меркаванні, што ў 1930–1940-я ў падвалах разбуранага сабора расстрэльвалі віцебчукоў чэкісты», — кажа археолаг Ігар Цішкін. — Калі тут палонных пастралялі фашысты, чаму пасля заканчэння вайны на гэтым месцы не паставілі помнік ахвярам? Дакументы ж НКУС ад нас схаваныя».

Тэорыю, што гэта парэшткі людзей, пахаваных на прыходскіх могілках пры саборы ў XVII — XX ст., І.Цішкін адпрэчвае. У гэтай частцы Успенскай гары могілак быць не магло. Дый косткі б ляжалі роўненька. Былі б рэшткі трунаў, вопраткі, кажа ён.

У пачатку 1990-х І.Цішкін кіраваў раскопкамі на гэтым месцы. «Калі ў адным з шурфоў я знайшоў чалавечыя парэшткі, адразу звярнуўся ў пракуратуру, каб узбудзілі крымінальную справу. Мне адмовілі: нібыта шмат з тых костак, якія яны ўзялі на экспертызу, належыць жывёлам».

Раскопкі экскаватарам

Протаіерэй Віцебскай епархіі Уладзімір Разановіч апавёў, што косткі кожны дзень збіраюць прыхаджане: у куце будпляцоўкі, з левага боку Успенскага сабора, будзе зробленая супольная магіла, дзе парэшткі знойдуць супакой. На пытанне, чаму мы не бачылі, каб хто збіраў, айцец заўважыў, што, магчыма, у панядзелак якраз быў выходны.

Супрацоўніца Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Наталля Юр’еўна, захавальніца археалагічнай калекцыі, паведаміла, што вакол сабора археалагічныя даследаванні не праводзяцца, бо… няма культурнага слою. І за ўсім ажыццяўляе нагляд археолаг Вольга Ляўко, якой у Мінск дасылаецца ўся інфармацыя.

Цяга да сенсацый

Вольга Ляўко ў размове не адмовіла, хоць і адказвала на пытанні нервова. Наконт археалагічнага нагляду на Успенскай гары яна адзначыла, што на будоўлі «прысутнічае кампетэнтны гісторык Аляксей Белавусаў», да якога паступаюць сабраныя косткі. А ён іх лічыць і адсылае звесткі ў Мінск. А парэшткі перадаюцца ў епархію.

Яе адказ на пытанне, чые тыя косткі, быў адназначны: ля сабора былі могілкі.

«У Цішкіна цяга да сенсацый, — пракаментавала В.Ляўко версію пра тое, што парэшткі належаць рэпрэсаваным. — Ён лічыць, што тут такая ж сітуацыя, як і ў Курапатах, што зусім не так», — кажа В.Ляўко.

Чые б ні былі тыя парэшткі, яны валяюцца пад каўшамі экскаватараў. А пляц без усякага даследавання спакойна заліваюць бетонам. Хутчэй зробіш — менш нагоды для пытанняў.

***

Успенскі сабор

Каменная ўніяцкая Успенская царква (першы ўспамін пра драўляную царкву Найсвяцейшай Багародзіцы на гэтым месцы датуецца XV ст.) і базыльянскі кляштар будаваліся ад 1743 па праекце Язэпа ІІІ Фантаны. На загад расійскага імператара Паўла I у 1799 храм перайшоў да праваслаўных і быў перайменаваны ва Успенскі сабор.

За савецкім часам закрыты. У 1936 узарваны. У 1949 на месцы сабора пабудавалі цэх завода заточных станкоў, які быў закінуты ў 1980-я і знесены. Ад 1998 ідзе аднаўленне сабора.

Узгорскі замак

(мясцовая назва Успенская, або Лысая гара) ляжыць на ўзвышшы між Дзвіной і Віцьбай (на правым беразе). Людзі тут сяліліся з пачатку тысячагоддзя. У XIV–XV ст. на Узгор’і пабудаваныя Успенская, Уваскрасенская, Увядзенская цэрквы. У к. XVI ст. сюды перанесены гандлёва-эканамічны цэнтр Віцебска. Тут паўсталі ратуша, гасціны двор, крамы, паўднёвая частка Узгор’я абнесеная драўлянымі сценамі. Паводле інвентароў 1641, 1664, гэты ўчастак вядомы як Узгорскі замак. Быў умацаваны 10 вежамі, злучаўся з Ніжнім замкам мостам цераз Віцьбу.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?