З Горак Магілёўскае вобласці прыйшла трагічная вестка: учора, 21 ліпеня, ратуючы свайго пляменніка, патануў Дзям’ян Франкоўскі.
Дзям’ян Франкоўскі прыйшоў у Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю дзесяць гадоў таму зусім маладзенькім юнаком. За гэты час ён стаў прыкметным дзеячам дэмакратычнага руху на Магілёўшчыне, браў удзел у выпуску малатрыжнай горацкай газеты “Узгорак”, вучыў маладых актывістаў дэмакратычнага руху абыходжанню з кампутарамі, удзельнічаў у палітычных кампаніях... І вось Дзям’яна няма сярод нас.
Бацькі страцілі свайго сына, мы – свайго таварыша, добрага знаёмца.
Горка ўсведамляць, што мы больш не ўбачым і не пачуем Дзям’яна. Асабліва горка, што нас пакінуў малады, поўны энергіі чалавек: 5 кастрычніка Дзям’яну Франкоўскаму споўнілася б усяго толькі трыццаць гадоў. У памяці тых, хто ведаў яго, ён назаўсёды застанецца маладым.
Бывай, дарагі Дзям’яне! Няхай пухам будзе Табе наша беларуская зямля, якую Ты любіў.