2 кастрычніка а 12-й у рэдакцыю газэты «Наша Ніва» затэлефанаваў дырэктар Дому літаратара Часлаў Праваловіч. Ён паведаміў, што, насуперак папярэдняй дамоўленасьці, ня можа даць вялікай залі Дому літаратара 5 кастрычніка а 19-й для правядзеньня вечарыны беларускай паэзіі і прэзэнтацыі кнігі Аляксандра Фядуты «Паэтычны аглядальнік». Ч.Праваловіч матываваў адмову тым, што там мае быць вячэрні спэктакль Тэатру беларускай драматургіі. Аднак у згаданым тэатры карэспандэнту «НН» паведамілі, што акурат 5 кастрычніка спэктаклю ў Доме літаратара няма.

Гэтай вечарынай у Менску мелася распачацца сьвяткаваньне 100-гадовага юбілею «Нашай Нівы». Пра новае месца і час вечарыны з удзелам герояў кніжкі А.Фядуты – Рыгора Барадуліна, Леры Сом, Міхася Скоблы, Юркі Голуба, Юр’я Пацюпы, Джэці, Людкі Сільновай, Алеся Бадака, Галіны Дубянецкай, Віктара Шніпа, Ірыны Багдановіч, Глеба Лабадзенкі – чытайце на нашым сайце пазьней.

Імпрэзы да стогадовага юбілею «Нашай Нівы» ўжо прайшлі ў Бэрліне. У Літве юбілей будзе адзначацца на дзяржаўным узроўні. Рашэньне пра гэта прыняў Урад Літоўскай Рэспублікі. А вось для цяперашняе беларускае адміністрацыі 100-годзьдзе "Нашай Нівы", відаць, непажаданае. Што толькі пацьвярджае, што курс на дыскрымінацыю беларускай культуры застаецца нязьменным.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?