Крывая ўсьмешка

Кінарэжысэр Юры Хашчавацкі і журналістка Ірына Халіп на сайце «Хартыя-97» зьедліва пракамэнтавалі чарговы «прывоз» прадстаўнікоў расейскіх рэгіянальных мэдыяў на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам у Беларусь. Маральны вэрдыкт у дачыненьні да журналістаў, чые «камандзіровачныя» загадзя аплачвае беларуская дзяржава, быў вынесены яшчэ да прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі ў Менску і адпаведна – да зьяўленьня публікацыяў на гэтую тэму ў расейскім друку. І абсалютна слушна вынесены. Бо вынік сустрэчы і тое, як яна будзе асьвятляцца ў большасьці расейскіх выданьняў, сапраўды можна было прадбачыць загадзя.

Дрэнна тое, што і рэакцыя беларускіх недзяржаўных СМІ на выказваньні кіраўніка дзяржавы была цалкам традыцыйная і прадказальная. Усе ягоныя «ўдарныя цытаты» імгненна тыражаваліся амаль усімі інтэрнэт-выданьнямі, у тым ліку, апазыцыйнымі, ды яшчэ шырока абмяркоўваліся ў блогах.

Такім чынам, тыя, хто не паглядзеў БТ у пятніцу ўвечары, змог паслухаць ягоны маналёг па радыё – беларускім альбо замежным. Таму, хто ўвогуле ніколі не глядзіць тэлебачаньне, ня слухае радыё і не чытае газэт, усё адно давялося пазнаёміцца з сэнтэнцыямі пра «разрыў стасункаў з Расеяй» і беларускую мову, якую можна вывучыць за паўгадзіны, пачытаўшы кніжку…

Гаворка не аб тым, што інфармацыйныя сайты ня мусяць трансьляваць альбо цытаваць кіраўніка дзяржавы. Інакш яны не называліся б інфармацыйнымі. Але ж і абмежавацца канстатацыяй гэтага факту ўжо не выпадае. Дванаццаць гадоў таму пэрліны аратарскага мастацтва кшталту «беларускі народ будзе жыць кепска, але нядоўга», выклікалі ў журналісцкай публікі здаровы рогат. За прамінулы пэрыяд некаторыя адмыслоўцы ўмудрыліся выдаць цэлыя тамы накшталт поўнага збору Лукашэнкавых цытат.

Зь цягам часу, аднак, анэкдатычныя выказваньні пачалі выклікаць у публікі крывыя ўсьмешкі. Зараз яны здольныя выклікаць у многіх, у лепшым выпадку, глухое раздражненьне. Але справа, зноў жа, не ў эмоцыях.

Альцгаймэр і іншыя

Дасьведчаныя палітолягі тлумачаць нам, што ўсе гэтыя выказваньні – і пра Скарыну ў Піцеры, і пра супольнае «гніеньне ў акопах», і пра «нацыяналістычнае ахвосьце» – прызначаныя не беларускай апазыцыі, не айчынным інтэлектуалам, але зусім іншай публіцы. Патэнцыйным палітычным хаўрусьнікам у Расеі ды расейскаму электарату, напрыклад. Тое, што прамовы кіраўніка дзяржавы ня нам прызначаныя і «не пра нас», – відавочна. Апазыцыя ў цяперашнім стане, пазбаўленая голасу, ня можа адказаць на абвінавачваньні й паклёп, прамоўленыя з высокай трыбуны. У лепшым выпадку яна можа чарговы раз зьвярнуцца на сваіх сайтах да ўлюбёнай тэмы «псыхіятрычнай экспэртызы». Інакш кажучы, ужываецца старажытная формула палемікі: сам дурны!

Пошукі ў Інтэрнэце архіўных мэдыцынскіх заключэньняў малавядомага экспэрта ў справе дыягназу пэўнай асобы нагадвае садамазахізм. Не дастаткова ведаць, што кіраўнік тыраніць сваіх падначаленых, трэба пераканаць сябе і астатніх, што ў кіраўніка хвароба Альцгаймэра, паркінсанізм, параноя, маніякальна-дэпрэсіўны псыхоз, дыярэя, ну, і на завяршэньне яшчэ «вада ў калене».

Як быццам кубінскім дысыдэнтам лягчэй ад таго, што ў Фідэля Кастра выразалі частку кішачніку, што ён стаў падобны на жывы шкілет і што ў яго зьявіліся прыкметы паркінсанізму.

Але ж народ любіць свайго правадыра. Паспрабуйце давесьці адваротнае яму, правадыру.

Эпоха позьняга Брэжнева была яшчэ і эпохай гамэрычнага рогату. Рагаталі над ягоным шамканьнем («сісьскі-масіські» ў Брэжнева азначала: «систематически»), над прышпільваньнем сабе ўсё новых ордэнаў, над тым, як ён цалаваўся «ўзасос» з Хонэкерам, Кастрам і Чарненкам. Рагаталі яшчэ і таму, што адчувалі – іхны час, час «крамлёўскіх старых», сыходзіць.

Калі тыя ж людзі, што раней сьмяяліся над анэкдотамі пра Брэжнева, пачынаюць казаць, што пры Брэжневе жылося няблага і што ўвогуле шкада вялікую дзяржаву СССР, якую невядома хто разваліў, становіцца ўжо не да сьмеху. Асабліва, калі замест Брэжнева мы маем справу са значна больш маладымі й прагнымі да ўлады лідэрамі.

Нядаўна ў Нямеччыне выйшла кніга, дзе ўпершыню зробленая спроба прааналізаваць папулярныя анэкдоты, якія перадаваліся з вуснаў у вусны пры Гітлеру. Так, і ў Трэцім Райху, як высьвятляецца, распавядалі анэкдоты (так што ня ўсё было кепска ў Нямеччыне пры Гітлеру). І там можна было дастаць за гэта тэрмін у канцлягеры. Праўда, большасьць іх зь цягам часу ўжо не падаецца вельмі сьмешнай. Але адзін з тых, што цытаваліся нядаўна ў рэцэнзіі, апублікаванай у нямецкім друку, падаецца не анэкдотам, а рэальнай замалёўкай, сьпісанай з сучаснай беларускай рэчаіснасьці:

У «жоўты дом» прыяжджае Гёрынг. Адміністрацыя, ведаючы загадзя пра візыт, доўга і ўпарта трэніруе пацыентаў, каб яны сустрэлі фэльдмаршала адпаведным чынам. Нарэшце Гёрынг прыяжджае, ўскідае руку ў нацысцкім вітаньні, ўсе вар’яты, пашыхтаваныя ў шэрэнгу, дружна салютуюць у адказ: «Гайль Гітлер!» І толькі нейкі чалавек, стоячы крыху ўбаку, не ўзьнімае рукі. «Чаму вы не салютуеце?» – зьдзіўлена пытаецца ў яго Гёрынг. «Дык я ж не вар’ят», – чуецца ў адказ.

«Не крычы: ваўкі!»

Ёсьць рэчы, якія, падобна жартам, немагчыма растлумачыць. Немагчыма ды й ня трэба тлумачыць антысэмітам, што Пратаколы Сыёнскіх мудрацоў – гэта бздуры, і што юдэі ня п’юць крыві хрысьціянскіх немаўлят.

Навошта апазыцыі ўвесь час даводзіць уладам, што яна не такая кепская, як пра яе гаворыць прапаганда? Што яна, апазыцыя, ня менш патрыятычная, як улада? Ужо ня толькі кіраўніку дзяржавы, але ж і маладасьведчаным людзям стала зразумела, што ў блізкім часе ня будзе рэфэрэндуму наконт аб’яднаньня Беларусі й Расеі, бо для Масквы гэта занадта рызыкоўны экспэрымэнт. Што ўсе карты ў выпадку такога рэфэрэндуму будуць на руках у кіраўніка беларускай дзяржавы. Гэтаксама не патрэбны ён і беларускаму боку. Шантажаваць Маскву саюзьніцтвам зручней нават і без рэфэрэндуму. А навошта на яго траціць грошы зь бюджэту, калі можна наўпрост зьвярнуцца да крамлёўскага кіраўніцтва і расейскага электарату з дапамогай тых самых расейскіх СМІ?

Чаго дамаглася апазыцыя, некалькі разоў запар уздымаючы пытаньне аб нібыта непазьбежнасьці аб’яднаўчага рэфэрэндуму і заклікаючы Захад бараніць незалежнасьць Беларусі?

Успамінаецца старая прыпавесьць, якая атрымала шырокую вядомасьць у літаратурнай апрацоўцы Лява Талстога. Хлопчык, які пасьвіў авечкі, некалькі разоў пачынаў лямантаваць: ваўкі! Кожнага разу зьбягаліся сяляне з косамі ды сякерамі, але паколькі ваўкоў не было, яны разыходзіліся. Нарэшце, калі ваўкі сапраўды напалі на статак, ніхто на лямант малога пастуха не зьвярнуў увагі…

Незалежна ад таго, ці пагражаюць у рэальнасьці «ваўкі» Беларусі, апазыцыю ўжо цяпер ніхто ня чуе, акрамя яе самой. З гледзішча абываталя, усё адно Лукашэнка больш дбае пра інтарэсы незалежнай Беларусі, чым Мілінкевіч зь Лябедзькам і Калякіным разам узятыя. Бо ў іх няма магчымасьці й жаданьня шантажаваць Крэмль. А ў яго ёсьць. Мілінкевіч можа сустракацца з выдатнымі эўрапейскімі палітыкамі і гаварыць па-француску на розныя высакародныя тэмы, а Лукашэнка ня можа. Ды яму гэтага й ня трэба. Яму дастаткова расейскай мовы.

А ўсё, што трэба дыктатару, як заўсёды, зробяць за яго іншыя. Сытуацыя з фондам Каліноўскага, ўтворанага ў самых лепшых мэтах, каб дапамагчы рэпрэсаваным беларускіх студэнтам скончыць адукацыю ў Польшчы, дзякуючы паводзінам некаторых ня надта разумных студэнтаў, дапамагае ўладзе дыскрэдытаваць і сам фонд, і яго заснавальнікаў, і апазыцыю наагул.

Спрэчкі пра тое, якім чынам і ў якіх варунках апазыцыя павінна падтрымаць вышэйшае кіраўніцтва дзяржавы, каб абараніць сувэрэнітэт краіны, здольныя выклікаць у лепшым разе зьдзіўленьне. Хіба яшчэ ня ясна, што апазыцыя меней за ўсё патрэбная Лукашэнку ў справе ўмацаваньня сваёй дзяржавы? Ён гэта чарговым разам давёў падчас сваёй прэсавай канфэрэнцыі ў Менску. Ключавое слова тут – сваёй дзяржавы. Той, якая патрэбна менавіта Лукашэнку, а не апазыцыі і не беларускім інтэлектуалам, не беларускаму народу. У гэтай ягонай дзяржаве няма й ня будзе свабоды слова. Больш за тое – у ім ня будзе беларускага слова ўвогуле. І, адпаведна, ня будзе беларускага народу. Парафразуючы Сталіна: няма народу – няма праблемы.

Заміж таго, каб будаваць сваю беларускую дзяржаву – выпускаць беларускую прэсу, беларускія кніжкі й падручнікі, ствараць свае лятучыя ўнівэрсытэты, – беларуская апазыцыя ўвязалася ў бясконцую й бясплённую спрэчку з уладай, у гульні ў выбары й легітымнасьць. Хто зь іх лепшы? Лепшы для абываталя заўсёды той, хто пры ўладзе. Дзеля таго, каб заваяваць уладу, недастаткова крытыкаваць ці нават высьмейваць супраціўніка. Трэба спачатку пераканаць саміх сябе, што мы жывем у сваёй краіне, а значыцца – праўда на нашым баку.

Фота Андрэя Лянкевіча, НН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?