З новага навучальнага года ў сістэме сярэдняй адукацыі Беларусі з 1-га па 11-ы класы будзе ўведзена навучальная праграма факультатыўных заняткаў «Асновы праваслаўнай культуры. Праваслаўныя святыні ўсходніх славян».

Пра гэта карэспандэнту паведаміў сябра Каардынацыйнай рады Міністэрства адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквы па пытаннях супрацоўніцтва, старшыня РГА «Бацькі і настаўнікі за адраджэнне праваслаўнай адукацыі» Уладзімір Грозаў.

«Праграма курса па асновах праваслаўнай культуры прайшла ўсе неабходныя ўзгадненні, у тым ліку ў Нацыянальным інстытуце адукацыі і ў Мінадукацыі. Зараз БПЦ і Мінадукацыі прыкладаюць намаганні па распрацоўцы вучэбна-метадычнага комплексу да навучальнай праграмы новага школьнага факультатыву. Такая праграма, трэба сказаць, уводзіцца ўпершыню ў краіне. Усё гэта дазволіць ахвотным — а факультатыў мае на ўвазе тое, што гэта заняткі на выбар — далучыцца да асноваў духоўнай культуры праваслаўя», — распавёў Грозаў.

Паводле яго словаў, да гэтага часу ў краіне не было такіх праграм, якія ахопліваюць увесь перыяд навучання ў школе.

Праграма факультатыўных заняткаў «Асновы праваслаўнай культуры. Праваслаўныя святыні ўсходніх славян» была ўхваленая рашэннем Каардынацыйнай рады Міністэрства адукацыі і БПЦ па пытаннях супрацоўніцтва ад 4 лютага 2010 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?