Назвы беларускіх прадпрыемстваў, якія ўзялі ўдзел у конкурсе «Белая амфара», можна прачытаць на этыкетках тавару ў любой краме гатовага адзення. Гэта менская «Мілавіца», віцебскія «Камінтэрн» і «Белль Бімба», жодзінскі «Сьвітанак» ды іншыя, як цяпер модна казаць, брэнды. Але тое, што можна купіць у краме, адрозніваецца ад паказанага на конкурсе ў культурна-дзелавым цэнтры «Віцебск» як сучасны электрачайнік ад бабулінага самавара.

Натальля Мізонова, выкладчыца дызайну адзеньня з Расіі, наведаўшы паміж паказамі конкурсных мадэляў віцебскі ўнівермаг, выйшла адтуль у поўным здзіўленні.

– Тое, што прадаецца ў вашых крамах, можна было насіць хіба 20 гадоў таму! – без усякіх рэверансаў у бок беларускай лёгкай прамысловасці сказала Н.Мізонава журналстам, якія задалі ёй традыцыйнае пытанне пра ўражанні ад Віцебску.

Тым часам на «Белай амфары» былі паказаныя больш за 100 новых калекцый адзення: частку з іх прадставілі дызайнерскія аддзелы прадпрыемстваў, другую – будучыя мадэльеры, якія толькі вучацца ў адпаведных навучальных установах.

І гледачы, і журы высока ацанілі, ды прыкладу, новую калекцыю ад «Мілавіцы». Але нават у фірмовых крамах яна з’явіцца не хутка: прыгожая, але дарагая бялізна часта залежваецца на паліцах па два і тры сезоны, таму самыя новыя ўзоры прадукцыі вывозяць пераважна за межы Беларусі – туды, дзе пакупнікі гатовыя плаціць за іх грошы.

Тое самае можна сказаць і пра вырабы іншых прадпраемстваў – іх вязуць у замежжа, бо пераважная колькасць беларусаў купляе адзеньне на кірамашах, ня дужа ўглядаючыся ў фірмовыя знакі і цэтлікі. Самы важны фактар для нашых суайчыннікаў – гэта кошт, а не прозьвішча дызайнера ды назва кампаніі.

Аднак беларускія студэнты, нягледзячы ні на што, мараць пра славу сусьветна вядомых куцюр’е і здзіўляюць гледачоў конкурса крэатыўнымі знаходкамі. Пакуль на іх глядзяць з захапленнем, але праз колькі гадоў выпускінікам ВНУ давядзецца пакінуць alma mater і заняць месца ў працоўных шэрагах.

Так, дызайнер Марына Давыдава, якая тройчы была ўладальніцай Гран-пры «Белай амфары», сёньня працуе на віцебскім прадпрыемстве «КІМ» – яшчэ не стратным, але й не такім багатым, каб закупіць новыя тэхналагічныя лініі для вытворчасці сучасных вырабаў, пра якія некалі марыла ўдзельніца конкурсу.

Зрэшты, жыхары Віцебску ўжо зразумелі, што «Белая амфара» – гэта проста свята нерэальных фантазій, і не спрабуюць знайсці ў гандлёвай сетцы тое, што ўразіла іх на подыюме. Ці не таму найбольшай папулярнасцю ў гледачоў карыстаюцца паказы «Fasion Dog» – моднага адзення для сабак: шыецца яно дзеля «чыстага мастацтва» і ўласнага задавальнення дызайнераў, бо наўрад ці нехта захоча набыць для прагулак свайму гадаванцу капялюшык «ад куцюр», маючы ва ўласным гардэробе нібыта «Adidas» або «Dolce & Gabbana» ўкраінскай падпольнай вытворчасці.

Фота Сержука Серабро, Народныя навіны Віцебску.

Глядзі яшчэ:

Фотарэпартажы ад «Народных навінаў Віцебску»:

Белая амфара - 2006. Заключны галаканцэрт

Белая амфара - 2006. Другі конкурсны дзень

Белая амфара - 2006. Першы конкурсны дзень

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?