26 ліпеня ў Рэгістры ААН па звычайных узбраеннях з'явіліся звесткі аб здзелках Беларусі на сусветным зброевым рынку ў 2009 годзе. Згодна з гэтымі звесткамі, летась Беларусь ніякага ўзбраення і ваеннай тэхнікі, што кваліфікуюцца як звычайныя ўзбраенні, не закупляла. Прадавала зброю ва Уганду, Азербайджан і Судан.

Так, ва Уганду было пастаўлена 23 танкі Т-55, у Азербайджан — пяць штурмавікоў Су-25 і дзевяць самаходных гаўбіц 2С7 "Піон" 203 мм, у Судан — тры штурмавікі Су-25. Уся зброя — вытворчасці Расіі (СССР). Сумы кантрактаў не называюцца.

Нагадаем, у 2008 годзе ў Азербайджан былі пастаўлены тры самаходныя гаўбіцы 2С7 "Піон" 203 мм. У Сірыю прададзены 33 шматцэлевыя знішчальнікі са зменлівай стрэлападобнасцю крыла МіГ-23. Адзінаццаць штурмавікоў Су-25 пастаўлена ў Судан. Расія закупіла ў Беларусі 15 ракет "паветра-паветра" Р27-Р для знішчальнікаў Су-27 і МіГ-29.

У 2007 годзе Беларусь прадала ў Судан два бронетранспарцёры БТР-70, мадэрнізаваныя да ўзроўню "Кобра К2К" і "Кобра К2". У Арменію — 10 122-міліметровых буксаваных гаўбіц Д-30, у Эрытрэю — дзевяць рэактыўных сістэм залпавага агню "Ураган".

У 2006 годзе Беларусь паставіла ў Азербайджан 41 танк Т-72.

У 2005 годзе Беларусь паставіла ў Азербайджан 19 танкаў Т-72, у Славакію — два ваенна-транспартныя верталёты Мі-8, у Джыбуці — два ўдарныя верталёты Мі-24. Гэтая інфармацыя ўтрымлівалася ў Рэгістры ААН па звычайных узбраеннях у пачатку чэрвеня 2006 года. Потым звесткі пра здзелку са Славакіяй зніклі.

У 2004 годзе ў Судан Беларусь паставіла 21 браніраваную разведвальна-дазорную машыну БРДМ-2, сем бронетранспарцёраў БТР-80, 10 бронетранспарцёраў БТР-70 і адну баявую машыну пяхоты БМП-1, у Кот-д'Івуар — два штурмавікі Су-25.

У 2003 годзе Судан закупіў у Беларусі дзевяць БМП-2, 39 БРДМ-2, 32 адзінкі розных артылерыйскіх сістэм, Швецыя — 19 ракет да пераноснага зенітнага ракетнага комплексу "Ігла", Кот-д'Івуар — 20 баявых браніраваных машын рознага тыпу, 16 адзінак розных артылерыйскіх сістэм.

У 2002 годзе Беларусь прадала ў Іран 15 танкаў Т-72, у Алжыр — два знішчальнікі МіГ-29, у Судан — 14 адзінак розных артсістэм, у Кот-д'Івуар — 12 БМП-1, 10 120-міліметровых мінамётаў "Сані" і два ўдарныя верталёты Мі-24.

У 1996—2001 гадах Беларусь пастаўляла зброю таксама ў Перу (самалёты), Конга (артсістэмы), Папуа — Новую Гвінею (верталёты), Сьера-Леонэ (верталёты), Эфіопію (танкі), Заір (артсістэму), Уганду (верталёты), Марока (танкі), ААЭ (баявыя браніраваныя машыны), ва Украіну (самалёты).

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?