Дзед з Полацку ў гасьцях у сіценцаў цікавіцца, хто пасяліўся ў інтэрнаце. «Хімік» – адказваюць вяскоўцы. «А, вучоныя прыехалі», – з разуменьнем хітае галавою дзед.

«Зычу табе хутчэй адолець гэтую табліцу Мендзялеева», – завяршае свой ліст чытачка «Нашай Нівы» зь Пінску.

«Хімія» – гэта насамрэч пэрыядычная сыстэма элемэнтаў. Крымінальныя й паўкрымінальныя элемэнты, што пэрыядычна трапляюць у Сыстэму «абмежаваньня волі», складаюць упарадкаваную заканамернасьць сучаснага грамадзка-палітычнага жыцьця. Як спадчына разьвітага сацыялізму, «хімію» ў Расеі й большасьці постсавецкіх краінаў ужо скасавалі. Але ж вось у Беларусі саўковую «табліцу Мендзялеева» дагэтуль штудыююць тысячы.

Сучасная беларуская «хімія» – кляндайк для крымінальніка-навучэнца. Тут прафэсійныя выкладчыкі дадуць яму поўнае ўяўленьне пра мэтады сымуляцыі з дапамогаю ёду, жалезныя паняцьці турмы й значэньні цынку (прастукваньне празь сьцяну). Тут навучаць, як перакрываць кісларод адміністрацыі ўстановы, як пазьбягаць ужываньня брому (дадаецца ў пітво ў ізалятарах і калёніях дзеля падаўленьня лібіда) і здабываць высакародныя мэталы ў кватэрах даверлівых грамадзянаў.

Сэрца крывёю абліваецца, калі бачыш гэтых хлопцаў, аднагодкаў ці крыху маладзейшых, – Пакаленьне Маладога Фронту! – якія днямі слухаюць «блатны шансон» ды «таганку», размаўляюць на сумесі турэмнага жаргону й расейскага мату і лічаць гэта найвышэйшай рамантыкай. Іхняя сьвядомасьць ужо скалечаная дашчэнту. Мой 22-гадовы сусед з Новалукомлю шчыра абураўся: «Угон аўтамабіляў – гэта мой хлеб, мая праца, разумееш. Я працую ня менш за іншых – дык за што мяне пасадзілі?!»

Злосны неплацельшчык алімэнтаў зь недалёкае вёскі; полацкі нумізмат, у якога на выставе паспрабавалі скрасьці ягоныя манэты (крыўдзіцель апынуўся ў рэанімацыі, калекцыянэр – у Сітне); малады кіроўца, што зьбіў хлопчыка з роварам; жыхар Наваполацку, які ўтапіў у балоце дыплямат зь міліцэйскімі дакумэнтамі; лепельскі мужык, які на глебе рэўнасьці «вынес санкі» (зламаў сківіцу) жонцы; здаровы хуліган, на якога пасьля чарговае бойкі суседзі-пацярпелыя падалі заяву... Як і ў пэрыядычнай сыстэме элемэнтаў, тут ёсьць артыкулы лёгкія (алімэнты, махлярства, п’янкі, выпадковы ўшчэрбак) і цяжкія (цяжкія цялесныя пашкоджаньні, ненаўмысныя забойствы): першыя часьцей падпадаюць пад амністыю ці ўмоўна-датэрміновае вызваленьне.

Мая «арганізацыя масавых беспарадкаў» робіць на «калегаў» моцнае ўражаньне. Даведаўшыся, што ў «беспарадках» на галоўнай плошчы сталіцы ўдзельнічала некалькі тысячаў чалавек, паглядзеўшы на машыны наведнікаў і пераканаўшыся, што паслабленьняў ў камэндатуры не даюць, яны прысьвістваюць і па-змоўніцку ціснуць руку: «Трымайся!»

Ужо неаднойчы пераканаўся на «сутках», у ізалятарах, «адстойніках» на той жа «хіміі»: да «палітычных» у месцах пазбаўленьня ці абмежаваньня волі ставяцца з выключнай павагай. Прынцыповасьць, адукаванасьць і беларуская мова – візытоўка «палітычных» – вітаецца зваротна прапарцыйна непрыязнасьці да гэтых рысаў у афіцыйных установах навукі, культуры й адукацыі. Прыхільнікаў Лукашэнкі сярод сядзельцаў не сустракаў: тут улада – ненавісны апарат падаўленьня. Слова «рэжым» выклікае тыповую хімічную рэакцыю. У крымінальнага інтэрнацыяналу ёсьць нават адпаведная клясыфікацыя РБ – «чырвоная (г.зн. кантраляваная адміністрацыяй) рэспубліка». Дзіва што сымпатыяў да міліцыі тут яшчэ меней, чым сярод удзельнікаў вулічных маніфэстацыяў. Можаце сабе ўявіць, якім попытам карыстаюцца ў «мясьцінах ня надта аддаленых» значкі «За свабоду!».

Разам з тым «папраўчая ўстанова адкрытага тыпу», як ніводная іншая структура пэнітэнцыярнай сыстэмы, не папраўляе, а горшыць чалавека. Для «новенькіх» гэта асяродак страшэннага разлажэньня, а для злачынцаў – паўсюдная спакуса: за мінімальным кантролем выпіць, пабалдзець, а заадно і «выхаваць маладняк» – не праблема. І канвэер працуе: «Скраў, выпіў – у турму».

За год у Малым Сітне праз мой інтэрнацкі пакой прайшло 14 «хімікаў». Чацьвёра зь іх сустрэліся ў адной камэры ў Віцебскай калёніі (даведалася тутэйшая жанчына, якая возіць перадачы майму былому суседу). Здавалася б, чаму б тым небаракам не адбыць свой тэрмін ціха й спакойна... Але сыстэма працуе, як гадзіньнік: прымусовая праца зранку + адносна вольны вечар = начная п’янка + пахмельле назаўтра. Пошукі выпіўкі, хованкі на працоўным месцы, сваркі й скандалы працягваюцца да тае пары, пакуль камэндантка інтэрнату ці майстры на працы ня выклічуць «эвакуатараў» з камэндатуры. «Хімікі» добра ведаюць, што Мендзялееў вынайшаў ня толькі пэрыядычную сыстэму, але й рэцэпт расейскае гарэлкі. Пасьлядоўнікі вялікага хіміка экспэрымэнтуюць з усім, што гарыць, ужываючы ці ня ўсю згаданую табліцу.

Многія, дабыўшы «да званка», застаюцца ў Сітне на ўсё астатняе жыцьцё: знаходзяць сужыцельку, уладкоўваюцца ў леспрамгас, падсаджваюцца на «максімку»... Так абмежаваньне волі ператвараецца ў пажыцьцёвы прысуд.

У Новай Беларусі ніякіх «хіміяў» ня будзе. Тыя, хто парушыў закон ненаўмысна, будуць плаціць вялікі заклад (а не даваць хабар «каму трэба»). Эканамічныя злачынцы будуць карацца, адпаведна, эканамічна. Забойцы ж, гвалтаўнікі й падлеткі-хуліганы будуць адбываць свой тэрмін не ў рассадніках крымінальнае сьвядомасьці й міліцэйскага садызму, а сам-насам з уласным сумленьнем і Бібліяй, пад гутаркі са сьвятаром.

Бо насамрэч ідэальныя дачыненьні чалавека й усяго грамадзтва выяўляе ня хімія й ня фізыка, а нацыянальнае абуджэньне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?