Дык чаму ж мы такой жа грамадой ня пойдзем да судоў, дзе катуюць нашу моладзь!

Чаму ж мы па праву бацькоў, якія далі жыцьцё сваім дзецям, ня спынім рэпрэсіўнай машыны? П.Севярынец пісаў у адным зь лістоў: «Самая моцная – гэта партыя бацькоў!»

Прароча сказаў паэт у радку:

«Звыклі ўсе да ахвяр

у нязвыклай ахвярні...»

Гэтая нашая звычка і маўклівая згода вядзе да таго, што новыя людзі трапляюць за краты.

Шаноўныя журналісты, паведамляйце, калі ласка, загадзя, рабіце абвесткі, дзе будзе суд над Зьмітром Дашкевічам і яго таварышамі.

Дарагія людзі, ня думайце, што гэта апошняя ахвяра. З экрану БТ Чаргінец абвясьціў жаданьне вышэйшых: знайсьці і пакараць таго героя, які ўсталяваў на плошчы шыбеніцу з падручнікам гісторыі Беларусі. А гэты ж хлопец выказаўся за ўвесь народ: хіба можна вяртацца да ранейшых часоў і рабіць замах на мову і на гісторыю!

Падтрымайма сьмелых юнакоў!

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?