Сусветныя тэндэнцыі не абмінуць айчынных выдаўцоў, гандляроў і чытачоў.

Хто б мог падумаць, што на кніжным рынку загавораць пра крызіс. Прычым не проста пра складскія запасы, а пра самую сапраўдную праблему: прыватнікі, якія прыходзяць у гэтую сферу, часта банкрутуюць на першым жа выпуску, рэнтабельнасць прадукцыі падае, таваразварот прыкметна скарачаецца.

Беларускія эксперты адзначаюць: кніжны бізнэс сёння складана назваць бізнэсам, некалі прыбытковая галіна ператвараецца ў занятак для энтузіястаў…
Актуальныя тэндэнцыі больш прыкметныя на вялікіх рынках, напрыклад, на расійскім, дзе попыт на кнігі ў сярэднім па краіне ўпаў на 20%. Сыходзяць са справы кнігагандлёвыя сеткі, выдаўцы кажуць пра страты буйных карпаратыўных кліентаў. Беларускія рэаліі таксама характарызуюцца падзеннем: калі ў 2008 годзе выдаўцы выпусцілі больш за 13 тысяч найменняў кніг агульным накладам 55 млн экзэмпляраў, у 2009-м — 12 885 кніг (52,8 млн.), то за 6 месяцаў гэтага году выпушчана 6 тысяч кніг агульным накладам 20,5 млн экзэмпляраў. Здавалася б, зніжэнне аб’ёмаў не такое вялікае, аднак на кожнага жыхара краіны ў выніку прыпадае ўсяго 2,1 экзэмпляра кніжнай прадукцыі. Гэта па-першае. Па-другое, па ацэнцы экспертаў, і ў Беларусі, і ў Расіі «правалілася» самае крэдытаёмістае звяно ў ланцужку «выдавецтва — оптавы гандаль — розніца»: першыя пачынаюць адмаўляцца ад паслуг аптавікоў, працуючы наўпрост з рознічным гандлем. Пра тое, якім кніжным сегментам у Беларусі найбольш «дасталося» ад крызісу, пра складскія запасы і рэнтабельнасць, а таксама пра найбліжэйшыя перспектывы рынку «Р» расказаў пісьменнік і маркетолаг Андрэй Жвалеўскі.

«Мастацкі» правал

Навучальная і спецыялізаваная літаратура сёння прадаецца нармальна, а вось у сегменце мастацкіх выданняў назіраюцца сур’ёзныя праблемы.
Прасачыць гэта можна на паказчыках «манапаліста» — выдавецтва «Харвест», якое ўваходзіць у склад найбуйнейшага расійскага холдынгу «АСТ». Па дадзеных Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі, у 2008 годзе кампанія выпускала 77% найменняў і 90% накладаў усёй выдадзенай у рэспубліцы мастацкай літаратуры. У мінулым годзе гэтыя лічбы склалі 65% і 94%. У першым паўгоддзі 2010 году за ім «замацаваліся» 57% найменняў і 96% накладаў. Другое выдавецтва пасля «Харвеста», якое выпускае літаратурна-мастацкія выданні, — «Мастацкая лiтаратура» — выдала 66 кніг агульным накладам 300 тысяч асобнікаў у 2009 годзе. У першым паўгоддзі гэтага году — усяго 10 мастацкіх найменняў агульным накладам крыху больш за 16,8 тысячы. Пра што гэта гаворыць? Пра калапс кнігавыдавецтва…

Стратны энтузіязм

Каб кніга была рэнтабельнай, сярэдні наклад павінен быць не меншым за 3000 экземпляраў. Ва ўсіх беларускіх выдавецтвах мастацкай літаратуры, за выключэннем «Харвеста», такі паказчык быў у 2008 годзе. У 2009-м ён скараціўся амаль утрая — 1100 асобнікаў, у першым паўгоддзі гэтага году склаў усяго 220 асобнікаў. Гэта не бізнэс, гэта чыстай вады хобі ці энтузіязм.

Мастацкая літаратура ў краіне сёння, па сутнасці, нармальна выдаецца толькі ў межах аднаго выдавецтва, астатнія аб’ёмы завозяцца з Расіі.
Што будзе далей? Калі ўзнікнуць якія-небудзь бар’еры паміж краінамі, наш рынак страціць літаратуру для ВНУ, нотную, высокамастацкую… Яшчэ адна асаблівасць: на гэтым рынку практычна не працуюць маркетолагі, то бок кнігу друкуюць, але каму і як яна будзе прадавацца, ніхто не ведае. Атрымліваецца такая гульня ва «ўгадайку».

Экраннае чытво

Сітуацыя, якая склалася на рынках кнігавыдавецтва ў СНД, у тым ліку ў Беларусі, дае наймагутнейшы стымул для развіцця ў краіне электроннага кніжнага бізнэсу. Такі від значна танней традыцыйнага папяровага: няма неабходнасці друкаваць выданні, адсутнічаюць оптавыя пасярэднікі. Акрамя таго, для беларускіх аўтараў гэта яшчэ і наўпросты выхад на расійскі рынак, куды ўсе так імкнуцца трапіць. Праўда, пакуль яшчэ ёсць пэўныя складанасці: па-першае, «букрыдэры» (электронныя прылады для чытання) каштуюць $300–400. Па-другое, яшчэ не склалася культура электронных плацяжоў, бо за аўтарскі тэкст, выкладзены ў інтэрнэце, таксама ж трэба неяк плаціць. Аднак сёння ўжо можна канстатаваць:

айчынныя выдаўцы загнаныя ў кут, а значыць, іншага шляху ў іх няма.
У выніку гульцы кніжнага рынку перастануць прадаваць тавары, а пачнуць прадаваць паслугі.

Прагнозы развіцця кніжнага рынку ў СНД у гэтым годзе

— скароціцца выпуск кніг, і, як вынік, у друкарняў паменшыцца колькасць замоваў;

— у выдавецтвах працягнецца ўжо распачатае скарачэнне выпуску нерэнтабельных назваў, а ў розніцы — вымыванне нерэнтабельных накладаў;

— не атрымаецца пазбегнуць банкруцтва шэрагу дробных і сярэдніх, а таксама асобных буйных выдавецтваў;

— кнігагандляры па-ранейшаму будуць затрымліваць аплату пастаўленых кніг і перакрэдытоўвацца за кошт выдаўцоў;

— у розніцы адбудзецца зніжэнне таваразвароту на 10–15%, а ў некаторых выпадках — на 20–25%. У оптавым звяне гэтыя лічбы ўпадуць яшчэ ніжэй;

— з прычыны падзення пакупніцкага попыту і зніжэння рэнтабельнасці не выключана закрыццё шэрагу кніжных крамаў;

— у той жа час, крызіс можа прывесці да далейшай кансалідацыі і рэструктурызацыі галіны, да новых зліццяў і зменаў у адносінах паміж выдаўцамі, паліграфістамі і кнігагандлярамі.

Гэта цікава

Сусветныя пастаўкі электронных кніг у красавіку-траўні 2010 году дасягнулі 740 тыс. асобнікаў, прычым 37% ад гэтай лічбы прыпала на ўладкаванне «Barnes & Noble nook» і яшчэ 16% — на «Amazon Kindle».

Такая невялікая колькасць вырабленых прылад тлумачыцца тым, што кампаніі на ліпень-жнівень запланавалі абнаўленне мадэльнага шэрагу сваіх электронных кніг. Новыя мадэлі па-ранейшаму будуць выкарыстоўваць экран вытворчасці E-Ink, але яго якасць будзе вышэйшай. У той жа час у вытворчасці абноўленыя «кнігі» будуць таннейшыя, ніжэйшымі стануць і кошты для спажыўцоў. Усяго ў першым квартале бягучага году на сусветны рынак было пастаўлена 1,43 мільёна электронных кніг, па выніках паўгоддзя агульная іх колькасць можа перавысіць 2,5 мільёны экзэмпляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?