28 верасьня супрацоўнікі недзяржаўнай газэты «Бобруйский курьер» Вольга Мар’ясіна і Ігар Ходзька былі выкліканы ў гарадзкі аддзел міліцыі Бабруйска для сведчаньня па факце затрыманьня супрацоўнікамі міліцыі больш як 10 журналістаў. Інцыдэнт адбыўся 31 жніўня, пад час акцыі пратэсту дэпутата мясцовага гарсавета А. Чыгіра, якую ён ладзіў на цэнтральнай плошчы Бабруйска. Сярод затрыманых апынуліся і журналісты «Бобруйского курьера».

12 верасьня «Беларуская асацыяцыя журналістаў» зьвярнулася да пракурора Ленінскага раёна Бабруйска Віктара Гаўрыкава з патрабаваньнем прыцягнуць да адказнасьці супрацоўнікаў міліцыі, якія парушылі правы журналістаў і беларускае заканадаўства аб СМІ. «Журналісты мелі пры сабе журналісцкія пасьведчаньні, іншыя дакументы, пацьвярджаючыя асобу, не прымалі ўдзел у акцыі, а выконвалі свае прафесійныя абавязкі. Тым ня менш, яны былі затрыманыя на падставе высвятленьня асобы, да некаторых з журналістаў прымянялася фізычная сіла... У фотакарэспандэнтаў былі сьцёртыя зробленыя імі здымкі», – выкладзена ў заяве пракурору.

Як можна зразумець, пачалося расследаваньне. Але – што зьдзіўляе – расьследаваньнем займаецца той жа аддзел аховы грамадскага парадку і прафілактыкі АУС Бабруйскага гарвыканкама, супрацоўнікі якога і праводзілі затрыманьне журналістаў. Як расказала прэс-службе БАЖ журналістка «Бобруйского курьера» Вольга Мар’ясіна, сьледчы запісаў тлумачэньні зь яе словаў у пратакол, але ня даў азнаёміцца з матэрыяламі справы. Са словаў Вольгі, ёй задавалі мноства пытаньняў, якія ня маюць дачыненьня да сутнасьці справы – пачынаючы тэматыкай, у якой яна працуе, і заканчваючы датай выдачы ёй журналісцкага пасьведчаньня. Ігар Ходзька зараз знаходзіцца ў адпачынку і таму ня змог з’явіцца ў міліцыю.

Нагадаем, сёлета 31 жніўня журналісты беларускіх і замежных СМІ былі затрыманыя міліцыяй пры выкананьні сваіх прафесійных абавязкаў – асвятленьні акцыі пратэсту на плошчы Леніна г. Бабруйска. У той дзень дэпутат гарадскога савета, шматдзетны бацька, настаўнік гісторыі Аляксандр Чыгір прыкаваў сябе ланцугом да апоры ліхтара ў знак пратэсту супраць звальненьня яго з працы за грамадзкую дзейнасць (з А. Чыгіром не працягнулі кантракт). Усе супрацоўнікі СМІ, якія прысутнічалі ў гэты час на плошчы, былі затрыманы і адвезены ў міліцыю. Там іх пратрымалі каля трох гадзін і правялі з кожным паасобку «прафілактычную» размову «без пратакола».

Глядзі яшчэ:

Затрыманых у Бабруйску журналістаў пачалі адпускаць (абноўлена ў 15.44)

Фотахроніка затрыманьня Алеся Чыгіра

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?