Беларусь плануе ў жніўні размяшчэнне еўрабондаў на расійскім рынку, паведаміў кіраўнік Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч на прэс-канферэнцыі ў Мінску 29 ліпеня.

«Прынята рашэнне, што ў хуткім часе, магчыма ў жніўні, адбудзецца размяшчэнне еўрабондаў на расійскім рынку. Каб гэты рынак таксама быў для нас адкрыты, была свая крэдытная гісторыя і вопыт працы з расійскім рублём», — растлумачыў ён.

Як мяркуе Пракаповіч, гэта не будуць «значныя сумы» — прыкладна 100–200 млн. долараў у эквіваленце. «Гэта будзе пробнае размяшчэнне. Нам трэба празандаваць стаўленне расійскага рынку да нашых каштоўных папер», — зазначыў ён.

Кіраўнік Нацбанка заявіў, што да канца 2010 года ці ў пачатку 2011-га Беларусь выйдзе на азіяцкі рынак каштоўных папер.

«Азіяцкі рынак з’яўляецца адным з найбольш эфектыўных,
у тым ліку па кошце размяшчэння каштоўных папер, па іх колькасці. Гэта ёмісты рынак, і нам трэба яго асвойваць», — сказаў Пракаповіч.

«Тым самым мы створым эфектыўны інструмент для прыцягнення знешніх пазык на міжнародным фінансавым рынку», — дадаў ён.

Каментуючы нядаўняе дэбютнае размяшчэнне еўрабондаў на 600 млн. долараў пад стаўку 8,75%, кіраўнік Нацбанка падкрэсліў, што першый пробны крок быў паспяховым. «Мы размясцілі нязначную суму. Пры заяўленым аб’ёме 600 млн. долараў інвестары заявілі больш за 1,6 млрд. долараў. Гэта гаворыць аб тым, што першае размяшчэнне аказалася ўдалым», — сказаў ён.

Гаворачы пра высокую працэнтную стаўку — 8,75%, Пракаповіч адзначыў, што «такая сітуацыя склалася на рынку».

«Да таго ж, гэта наша першае размяшчэнне еўрабондаў, — сказаў кіраўнік Нацбанка і нагадаў: — Сёння ў нас пакуль няма крэдытнай гісторыі, нас ніхто не ведае».

«Наступныя размяшчэнні еўрабондаў з улікам назапашанага вопыту ў інвестараў, нашай крэдытнай гісторыі будуць ажыццяўляцца па больш нізкіх стаўках», — канстатаваў Пракаповіч.

Нагадаем, указ прэзідэнта ад 13 мая 2010 года дае ўраду права выпусціць у 2010–2011 гадах аблігацыі на суму да 2 млрд. долараў з тэрмінам абарачэння не менш як пяць гадоў і размяшчэннем за межамі Беларусі. Указ прыняты з мэтай прыцягнення замежных інвестыцый у беларускую эканоміку.

***

26 ліпеня стала вядома, што міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor`s (S&P) прысвоіла дэбютнаму запланаванаму выпуску беларускіх аблігацый папярэдні доўгатэрміновы рэйтынг прыярытэтнага незабяспечанага доўгу «В+».

Агенцтва S&P таксама прысвоіла запланаванаму выпуску рэйтынг аднаўлення «4». Гэты ўзровень рэйтынгу азначае, што агенцтва ацэньвае верагоднасць аднаўлення эмітэнта ў выпадку дэфолту па аблігацыях у 30–50%.

«Значэнні рэйтынгаў Беларусі прысвоены ў сувязі з нашай ацэнкай паказчыкаў ліквіднасці, якія слабыя і пагаршаюцца, высокіх значэнняў дэфіцыту бягучага балансу і пастаянных праблем ва ўзгадненні цэн энерганосьбітаў, што імпартуюцца з Расіі», — гаворыцца ў паведамленні агенцтва.

Рэйтынг «B» азначае «больш высокую ўразлівасць пры наяўнасці неспрыяльных камерцыйных, фінансавых і эканамічных умоў, аднак у зараз ёсць магчымасць выканання даўгавых абавязацельстваў у тэрмін і ў поўным аб`ёме». Знак «плюс» ці «мінус» абазначаюць прамежкавыя рэйтынгавыя катэгорыі у адносінах да асноўных катэгорый.

Еўрабонды (еўрааблігацыі) — разнавіднасць доўгатэрміновых каштоўных папер. Гэта даўгавыя абавязацельствы, якія цыркулююць на рынку еўравалют. Пазычальнікамі, якія выпускаюць еўрабонды, выступаюць урады, карпарацыі, міжнародныя арганізацыі, зацікаўленыя ў атрыманні грашовых сродкаў на працяглы тэрмін (ад 7 да 40 гадоў). Размяшчаюцца еўрабонды інвестыцыйнымі і камерцыйнымі банкамі. Яны з`яўляюцца адным з найбольш надзейных фінансавых інструментаў. Таму асноўныя іх пакупнікі — інстытуцыянальныя інвестары: страхавыя і пенсійныя фонды, інвестыцыйныя кампаніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?