Я размаўляла па-беларуску. Мяне разумелі ўсе, хто хацеў зразумець.

На ўсіх сайтах пра Чарнагорыю пішуць як пра прыгожую краіну. Сапраўды, мора, горы, панарамы, вёсачкі, гістарычныя цэнтры ўражваюць. Краіна спалучае неспалучальнае. Тут пабачыш побач канадскую сасну і пальму.

Каб прыехаць, трэба набыць ваўчар, калі збіраецеся быць больш чым 30 дзён — візу. Калі ў турфірмах вы набываеце толькі білеты, некаторыя нават не пераймаюцца папярэдзіць пра гэта. Калі вярталася назад, ваўчар не пыталі. Праблемы падчас выезду ўзнікаюць у таго, хто мае дробныя правапарушэнні і не заплаціў штраф. Максімальная яго сума — 150 еўра.

У Чарнагорыю праз турфірму ехаць не варта.

Лепш купіць авіябілеты, а там у любым горадзе можна зняць пакой (sobe), кватэру (apartamet) ці нумар у прыватным гатэлі.

Цэны ад 5 да 50 еўра. Залежыць ад умоваў і адлегласці ад мора. Гатэлі найвышэйшага ўзроўню, вядома, будуць каштаваць даражэй. Самы «танны» горад для пражывання на ўзбярэжжы — Бар. Але ён лічыцца партовым, а не турыстычным. Будва больш цікавая для турыстаў. Індустрыя забаваў развітая слаба. Сэрвіс таксама не на найвышэйшым узроўні.

Але калі вы думаеце, што наведваеце еўрапейскую краіну, то глыбока памыляецеся.

Тут дамінуе традыцыйная патрыярхальная культура. Калі пазнаёміцеся з чарнагоркай і захочаце запрасіць яе на спатканне, спачатку трэба будзе запытацца дазволу сваякоў. Не выключана, што на сустрэчу прыйдзе і нехта з іх. Паводзіны чарнагорскіх мужчын так не кантралююць.

Турысткі-славянкі прыцягваюць увагу чарнагорцаў, бо яны прывабнейшыя за чарнагорак. Чарнагорцы адразу цікавяцца ўзростам, прафесіяй, бацькамі, замужам ці не. Калі ён не жанаты, то размовы пра шлюб пачынаюцца ў першую гадзіну знаёмства. Скончыць адносіны складана. З першага разу мужчыны не разумеюць, што іх больш не хочуць бачыць. Можна выкарыстаць непрыстойныя словы.

Мясцовае насельніцтва даволі спецыфічнае. Тут побач ветлівасць у крамах, дапамога на дарогах у цяжкіх выпадках і адкрытае хамства і абраза.

Маёмасць каля мора прыцягвае заможных людзей з розных краін. Дамінуюць італьянцы і расійцы. Прыемна, што сярод уладальнікаў нерухомасці ёсць беларусы.

Каму варта паехаць: аматарам вандровак і серпантынаў, тым, хто хоча схуднець і пазбыцца цэлюліту, сямейным парам.

Тым, хто любіць камфорт, добрае абслугоўванне і забавы, не спадабаецца. Усё ў краіне можна пабачыць за 10 дзён. Узбярэжжа перасякаецца за паўтары гадзіны. Падчас побыту варта наведаць манастыр у Астрогу, Котар, Будву, Бар, Скадарскае возера, з’едзіць на Мантэнегра-тур. Інфармацыю пра гэтыя мясціны можна знайсці ў інтэрнэце.

Сёлета ў Чарнагорыі адносна мала турыстаў: адчуваецца водгулле крызісу. Аднак цэны ад гэтага не зніжаюцца.

Харчавацца можна ў залежнасці ад сваіх фінансавых магчымасцяў. У забягайлаўках можна набыць частку вялікай піцы за 1—1,5 еўра. У кавярні піца каштуе 4—6 еўра, салаты — 2—3, гарачае — ад 5 еўра. Рыбай пачаставацца — дарагое задавальненне. Радуе, што порцыі вялікія, і не трэба ганяць відэльцам па талерцы ў пошуках ежы.

Мясцовае насельніцтва размаўляе на чарнагорскім дыялекце, пісьмо кірылічнае і лацінскае. Для беларускамоўных мова простая для разумення. Я з першага дня разумела каля 80% з таго, што гавораць. Шмат супольных словаў. Я размаўляла па-беларуску. Мяне разумелі тыя, хто хацеў зразумець. Замовіць ежу ў рэстаране ці купіць што-небудзь у краме — не праблема. У больш развітых турыстычна месцах, такіх як Котар, англійская мова была таксама прымальнай. Расійскамоўных не любяць. Прычым не асабліва адрозніваюць, адкуль яны паходзяць.

Чарнагорыя не ўяўляе небяспекі ў крымінальным плане. Але ёсць іншая праблема — дарогі. Ездзяць як хочуць. Пераходзячы дарогу, трэба быць вельмі ўважлівым. Мясцовыя часта ездзяць п’яныя. Пры невялікім вопыце аўтааматара лепш карыстацца грамадскім транспартам. Акрамя таго, дураць на запраўках. Хітрык просты. Просяць праехаць далей, кіроўца не бачыць, колькі яму наліваюць літраў, — гэта цудоўная магчымасць недаліць.

Яшчэ адна непрыемнасць чакае на пляжы. Усе пішуць — пляжы галькавыя. Гэта не галька, а проста буйныя камяні.

У мора ўваходзіць без спецыяльных тапак вельмі цяжка. Можна параніць ногі. Пірсаў няма. Лежакі платныя — ад 2 еўра.

У гарадах і на пляжах шмат кавярняў. Большасць з іх працуе толькі ў турыстычны сезон. У некаторых грае жывая музыка. Дамінуе там свая этнічная ці папулярная, якая вельмі падобная да турэцкай. Часам можна пачуць еўрапейскую. Радуе, што няма расійскай папсы.

Вандраваць па краіне ў спякоту цяжка. Шмат фірмаў на вуліцы прапануюць свае паслугі. Цэны адрозніваюцца ў залежнасці ад горада: Астрог — 10—17 еўра, Мантэнегра-тур — 25—35 еўра, Скадарскае возера — 30 еўра. Ад турфірмы я ездзіла ў Астрог наведаць манастыры. Можна браць тур без экскурсавода. Далей вандравала сама. Аўтобусы ходзяць добра. З Бара можа было даехаць да Будвы, Котара і іншых месцаў. Пабыць там я магла столькі, колькі мне было трэба. Гістарычную інфармацыю можна і так знайсці. Экскурсаводы апавядаюць не больш, чым інтэрнэт.

Прывезці з Чарнагорыі можна сувеніры — магніты, кубкі і інш. Але на гэта я грошы не марную. Танна каштуе кава. Калі яе смак спадабаецца, то можна прывезці. Іх віно «Вранац» даволі спецыфічнае на смак — кіслае. Белае віно п’юць з мінералкай, а чырвонае — з колай. Найлепшае тут віно — піва. У супермаркетах — выбар віна з суседніх краін, тэкіла, віскі, марціні і інш. Цэны даволі прымальныя.

На маю думку, краіна цікавая і прыгожая, яна кантрастная — мае плюсы і мінусы. Але аднаго разу будзе дастаткова, каб усё пабачыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?