Кампанія «Гавары праўду!» будзе працягнута ў любым выпадку. Пра гэта ў інтэрв’ю БелаПАН заявіў лідэр кампаніі, паэт Уладзімір Някляеў, каментуючы ўчарашняе рашэнне Гаспадарчага суда Мінска ў дачыненні да даследча-асветнай установы «Рух наперад», дырэктарам якой ён з’яўляецца.

Як паведамлялася раней, 29 ліпеня суддзя Андрэй Аляшкевіч задаволіў іск Мінгарвыканкама, прызнаўшы дагавор арэнды памяшкання ўстановы «Рух наперад» у ТАА «Ціна Влаці» «нікчэмным», што дае юрыдычную аснову для ліквідацыі «Руху наперад».

Трэба адзначыць, што 7 ліпеня гэты ж суддзя не задаволіў іск Мінгарвыканкама аб пазбаўленні дзяржаўнай рэгістрацыі «Руху наперад». Гарвыканкам запатрабаваў прызнаць рэгістрацыю «Руху наперад» несапраўднай у сувязі з прадстаўленнем «заведама непраўдзівых звестак», якія тычацца дагавора аб арэндзе памяшкання.

У Някляева выклікаюць неўразуменне дзеянні суддзі Аляшкевіча. «Спачатку ён прымае рашэнне аб тым, што «Рух наперад» працуе ў адпаведнасці з заканадаўствам, што ўсе дакументы аб рэгістрацыі аформленыя правільна. А праз некаторы час ён выносіць супрацьлеглае рашэнне на падставе адных і тых жа дакументаў», — сказаў лідэр кампаніі.

«Штодзень адбываюцца дзесяткі, сотні выпадкаў, калі пад ціскам вышэйшых інстанцый суддзі, чыноўнікі мяняюць свае рашэнні, — дадаў Някляеў. — Ідзе працэс маральнага разлажэння грамадства, і я пайшоў у палітыку, каб паспрабаваць яго прадухіліць».

«Улады робяць усё, каб спыніць нашу дзейнасць. Адмена рэгістрацыі зробіць яе незаконнай, за што прадугледжана крымінальная адказнасць», — заўважыў Някляеў.

Ён паведаміў, што рашэнне Гаспадарчага суда Мінска будзе абскарджанае ў вышэйшай інстанцыі. У выпадку адмены рэгістрацыі «Руху наперад» выйсце адно — зарэгістраваць новую арганізацыю. «Мы займаліся гэтым пытаннем яшчэ да судовых пасяджэнняў, паколькі дапускалі не лепшае для нас развіццё падзей», — сказаў палітык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?