Ёсьць пагроза, што кітайскі абутак можа пераб’е намеры Эўразьвязу накласьці гандлёвыя санкцыі на Беларусь. Паводле інфармацыі чыноўнікаў Эўразьвязу, Італія, у адпаведнасьці з клясычнымі правіламі палітычнага гандлю ўнутры ЭЗ, выкарыстоўвае пытаньне Беларусі, каб дамагчыся свайго ў аніяк ня зьвязанай з нашай краінай спрэчцы пра антыдэмпінгавыя мыты.

26 верасьня афіцыйны Рым ашаламіў Брусэль, калі ўстрымаўся ад галасаваньня за ўвядзеньне санкцыяў супраць Беларусі. Сваім рашэньнем Італія дазволіла Польшчы, Літве і Латвіі заблякаваць прапанову выключыць Менск з Агульнае сыстэмы прэфэрэнцыяў (GSP) у гандлі.

Але калі згаданая тройка краінаў працівілася рашэньню з прычыны перасьцярогаў, што гэта можа нэгатыўна адбіцца на гандлі, прадстаўнікі ЭЗ сьцьвярджаюць, што матывам Італіі было адпомсьціць Вялікабрытаніі, Нямеччыне і Швэцыі за тое, што яны заблякавалі прапанову ЭЗ увесьці мыты на танны кітайскі абутак, які пагражае існаваньню італьянскіх вытворцаў абутку.

Як кажа адзін эўрапейскі дыплямат, «існуе джэнтэльмэнскае пагадненьне, што дзяржавы-сябры ЭЗ будуць абараняць сваіх вытворцаў. Паўночныя краіны, якія імпартуюць абутак, парушылі гэтае пагадненьне, і цяпер краіны ЭЗ, што вырабляюць абутак, вядуць атаку на іхнюю палітыку ў іншых сфэрах».

Пытаньне скасаваньня сыстэмы агульных прэфэрэнцыяў у гандлі для Беларусі яшчэ раз разглядацьмуць 12 кастрычніка, але яшчэ да гэтага амбасадары ЭЗ сустракаюцца 3 і 4 кастрычніка, каб паспрабаваць прыйсьці да пагадненьня аб так званых кітайскіх «антыдэмпінгавых» мытах.

Афіцыйны прадстаўнік Эўракамісіі заявіў, што «палітычныя наступствы будуць вялікія», калі Італія будзе надалей прытрымлівацца такой лініі ў беларускім пытаньні падчас галасаваньня 12 кастрычніка, бо выключэньне з GSP грунтуецца на 18-месяцовым расьсьледаваньні парушэньняў афіцыйным Менскам міжнародных пагадненьняў аб правох прафсаюзаў.

«Пазыцыя Італіі цалкам непрымальная, – паведаміла крыніца з Эўракамісіі. – У тым сэнсе, што Эўразьвяз мусіць прызнаць, што беларускі рэжым практыкуе грубыя парушэньні».

Са свайго боку, Італія рашуча адмаўляе любую сувязь паміж кітайскім і беларускім дасье, сьцьвярджаючы, што, устрымліваючыся падчас галасаваньня, яна хоча пакінуць Менску апошні шанец, каб пачаць гуляць паводле правілаў «бізуна і перніка».

Італьянскі прадстаўнік зазначыў: «Ці можна сабе ўявіць, каб левацэнтрысцкі ўрад Рамана Продзі штосьці рабіў бы ў піку меркаваньню міжнароднага прафсаюзнага руху?»

Сакрэт брусэльскага Полішынэля

Той факт, што краіны-сябры ЭЗ гандлююцца, саступаючы ў адной справе наўзамен за пазытыўнае рашэньне іншае, аніяк ня зьвязанае справы, – агульнавядомы сакрэт палітычнага працэсу ў Эўрапейскім Зьвязе.

Пры канцы 2005 г. Брусэль бурліў чуткамі, што Францыя дала сваю згоду на прызнаньне за Македоніяй статусу краіны-кандыдаткі на ўступленьне і на пачатак перамоваў з Турцыяй аб далучэньні ўзамен за згоду Вялікабрытаніі з плянамі рэформы бюджэту ЭЗ.

У 1992 г. Вялікабрытанія пагадзілася дазволіць Францыі ўпісаць у Дамову аб Эўрапейскім Зьвязе палажэньне пра Страсбург як сядзібу Эўрапейскага парлямэнту наўзамен згоды Парыжу на магчымасьць для Лёндану не прымяняць сацыяльнага заканадаўства ЭЗ.

«Калі ты даеш мне згоду на гэта, я пазьней пагаджуся з табою ў тым – вось так працуе Эўропа», – падсумаваў эўрапейскі дыплямат, папярэджваючы, што пазыцыя Італіі ў беларускім пытаньні можа быць толькі пачаткам падпольнае абутковае вайны.

За больш дэталёвай інфармацыяй пра жыцьцё Эўропры зьвяртайцеся да ўэб-бачыны belarus-europe.info.

Тэлепраграма «Акно ў Эўропу» трансьлюецца на канале RTV і праз кабэльнае тэлебачаньне штонядзелю а 17-й і з паўторам у панядзелак (а 5.00), аўторак (12.00), чацьвер (5.00) і суботу (2.00).

Штотыднёвая радыёпраграма «Акно ў Эўропу» трансьлюецца на Эўрапейскім Радыё для Беларусі на частотах АМ і FM, праз спадарожнік і ў Сеціве а 8-й раніцы (АМ: AM: 612 kHz, спадарожнік: 11013 Mhz, FM: 103.4 а 5.40).

Гэтыя праграмы фінансуюцца Эўракамісіяй.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?