У 2010 годзе Беларусь будзе забяспечана плодаагародніннай прадукцыяй у дастатковай колькасці. Пра гэта паведаміў 3 жніўня на прэс-канферэнцыі намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Паўлоўскі.

«Валавы збор агародніны ў нашай краіне — 2.200–2.300 тыс. тон, пры патрэбе ў 1.700–1.800 тыс. тон, — адзначыў намеснік міністра. — Таму мы можам прадаваць за мяжу каля 500 тысяч тон плодаагародніннай прадукцыі».

Акрамя таго, дадаў Паўлоўскі, плануецца вырабіць цяплічных агароднінных культур больш за 100 тысяч тон, з іх 18–20 працэнтаў ідуць на продаж, у асноўным расійскаму пакупніку.

Што да бульбы, то, паводле слоў Паўлоўскага, асобныя гаспадаркі называюць прагнозныя лічбы па ранняй бульбе — да 300 цэнтнераў з гектара. У цэлым па краіне называюць лічбы ў 187–190 цэнтнераў. «Г.зн. 20–30 тон з гектара мы збярэм, — мяркуе намеснік міністра. — Па позняй бульбе чакаецца не меншая ўраджайнасць. Улічваючы нашу патрэбу, думаю, мы зможам прадаць за мяжу каля 250 тысяч тон».

Таксама Паўлоўскі заявіў, што Беларусь гатова адмовіцца ад закупак імпартнай сельгастэхнікі.

Намеснік міністра заўважыў, што ў апошнія гады закупкі імпартнай сельгастэхнікі былі нязначнымі і ажыццяўляліся з уласных сродкаў сельгасарганізацый. Поруч з гэтым павялічваюцца пастаўкі айчыннай высокапрадукцыйнай тэхнікі. Так, сёлета сельгасарганізацыі атрымалі 1.700 айчынных камбайнаў супраць 1.300–1.500 у мінулыя гады. Шэраг мадэляў па сваіх характарыстыках блізкі да тэхніку сусветных вытворцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?