Пра пажары ў Расіі піша Віталь Тарас.

Даволі шмат гадоў таму давялося адпачываць у вёсцы Бабінічы пад Воршай. Лета было амаль такое гарачае, як сёлета. З жонкай, сынам і цешчай пайшлі ў бліжэйшы лес па ягады. І раптам убачылі — у сасновым бары проста перад намі загарэўся мох.

Мы кінуліся тушыць агонь, які быў спачатку невялікі, проста затоптваючы гоь. Потым нехта збегаў за рыдлёўкамі, і мы сталі закідваць полымя зямлёй. Урэшце ўдалося спыніць пажар, патраціўшы на гэта нямала сіл і часу. Нам дапамагалі яшчэ пара чалавек, якія выпадкова апынуліся з намі ў лесе. Але што запомнілася найбольш — з вёскі, якая была ў некалькіх метрах, праз роў, не прыйшоў на дапамогу ніхто, хоць людзей там было даволі шмат.

Той эпізод успомніўся мне на фоне паведамленняў пра пажары ў Расіі. Паводле звестак НАСА, з комасу на яе тэрыторыі зафіксавана каля 600 ачагоў.

Лета як армагедон

Нечакана высветлілася, што ў магутнага расійскага МНС не хапае тэхнікі і пажарных. Не хапае вады, каб тушыць пажары. А ў абсалютнай большасці вёсак няма нават супрацьпажарных ускапаных палосаў вакол іх. Агонь прайшоў ужо сотні тысяч гектараў. Як выявілася, узаранай зямлі, якая служыць натуральнай перашкодай на шляху полымя, вельмі мала ў цэнтральнай Расіі. Вялікія плошчы, парослыя хмызнякам ды пустазеллем, заваленыя смеццем, выгараюць імгненна. Вакол абсалютнай большасці вёсак няма нават супрацьпажарных канаваў. Вёскі гараць, як запалкі. Паводле апошніх звестак, загінулі паўсотні чалавек.

Тлумачэнне даецца вельмі простае: прыродная анамалія. За апошнія сто пяцьдзесят гадоў метэаназіранняў не было падобнай паводле працягласці катастрафічнай спёкі і засухі. Жыхары Беларусі, якія сёлета таксама сталі ахвярамі нечуванай гарачыні (не выключана, яна можа дасягнуць і рэкорднага ўзроўню, як у Расіі) могуць толькі паспачуваць сваім суседзям. Дарэчы, і ўкраінцам.

Аднак, у Расіі, як вядома, нават прыродныя з’явы адразу набываюць палітычнае ці нават, можна сказаць, — эсхаталагічнае значэнне. Патрыярх РПЦ Кірыл падчас паездкі ў Ніжагародскую вобласць назваў пажары «боскім пакараннем». На пачатку гэтага года, калі землятрус на Гаіці забраў жыцці амаль 1,5 мільёна чалавек, патрыярх назваў тую катастрофу таксама пакараннем за грахі. Але Расія ўсё ж, адрозна ад Гаіці, — не самая бедная краіна свету. І калі ад моцных землятрусаў уратавацца амаль немагчыма, дык ад наступстваў пажараў усё ж засцерагчыся можна. Для гэта трэба, не спадзяючыся толькі на Бога, хаця б выкапаць канаву.

Курская анамалія

Вядома, усё павінна вырашацца не «ўнізе», з дапамогай мясцовага самакіравання, але на самым «версе». Вышэйшае кіраўніцтва ўводзіць у пэўных рэгіёнах рэжым надзвычайнай сітуацыі, загадвае забяспечыць належныя захады, праводзіць нарады з удзелам кіраўнікоў рэгіёнаў і ведамстваў, нарэшце — выязджае ў пацярпелыя раёны, дзе ажыццяўляе «кіраўніцтва на месцах». Правядзенне гэтых мерапрыемстваў не перашкаджае пайсці ў перапынку паміж імі на футбольны матч, як гэта зрабіў прэзідэнт Расіі.

Кіруе вышэйшае начальства, сярэдняе звяно — губернатары — служаць яго «прывадным рэменем», адказнасць жа нясуць тыя, хто стаіць у самым нізе — напрыклад, у выпадку патрэбы, можа падаць у адстаўку які-небудзь кіраўнік мясцовай адміністрацыі.

Гэтую сістэму «вертыкалі» пераняў у Аляксандра Лукашэнкі на самым пачатку свайго прэзідэнцтва цяперашні прэмьер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін. Адзін з галоўных прынцыпаў сістэмы — той, хто на вяршыні, ніколі і ні за што не адказвае перад людзьмі.

У гэтым месяцы ў Расіі будуць адзначаць дзясятую гадавіну гібелі атамнай падводнай лодкі «Курск». Сёння ёсць падставы ўспомніць не толькі абставіны трагедыі ў Баранцавым моры, акалічнасці смерці 118 членаў экіпажа. (На жаль, не дапамагла падараваная экіпажу копія іконы Курскай Божай Маці). І не толькі паводзіны кіраўніцтва марфлота, якое да апошняга ўтойвала падрабязнасці ад жонак маракоў і грамадскасці. Вельмі часта згадваюць і словы прэзідэнта Пуціна, прамоўленыя ў праграме амерыканскага журналіста Лары Кінга на CNN. На пытанне — што ўсё-ткі здарылася з падлодкай? — Уладзімір Пуцін адказаў: «Яна патанула». Была восень 2000 года.

Калі б у прэм’ер-міністра, які, выглядае, пачаў ужо кампанію прэзідэнцкіх выбараў 2012, запыталіся сёння — што адбываецца з Расіяй? — ён мог бы гэтак сама спакойна адказаць: «Яна згарэла».

Калі развеецца дым

Справа не толькі ў «вертыкалі», якой няма справы да людзей. Справа ў самых людзях, якім няма справы да чужой бяды. Тэхналагічныя катастрофы, тэракты на чыгунцы і ў метро, «контртэрарыстычныя аперацыі» на Паўночным Каўказе… Здаецца, да ўсяго гэтага расійскае грамадства даўно прызвычаілася, як і да гібелі суайчыннікаў.

У куродыме сёлетніх пажараў развейваюцца апошнія ілюзіі. Сярод іх — надзея некаторых беларускіх палітыкаў на тое, што фільмы кшталту серыяла НТВ пра «хроснага бацьку» паўздзейнічаюць на расійскую тэлеаўдыторыю і выклікаюць непрыязь да кіраўніка Беларусі. (Пра ўздзеянне на беларускую аўдыторыю няма чаго і казаць). Думаецца, чарговая інфармацыйная вайна паміж Расіяй і Беларуссю скончыцца нічым.

У любым выпадку, усё, у чым абвінавачваюць Лукашэнку стваральнікі тых фільмаў, расійскі глядач не аднойчы назіраў у сваёй айчыне. Ніколі расійскі электарат у масе сваёй не абураўся. Знайшлі чым яго напалохаць…

Сёння зноў, як дзевяноста гадоў таму, Расія ў імгле. А Беларусь? Пакуль яна адрозніваецца ад яе хіба што ніжэйшай, у сярэднім, тэмпературай паветра. І тое няблага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0