Пенсіянер Аляксандр Пестракоў падаў у суд на недзяржаўную газету «Народная воля». Ён хоча, каб выданне папрасіла прабачэння ў ветэранаў і дапісала ў назве, што газета не падзяляе дзяржаўнай палітыкі.

Нагодай для суда стала публікацыя ўрыўкаў з кнігі ўспамінаў Іллі Копыла «Нябышына. Вайна». На думку пазоўніка, у гэтай кнізе «напісаная адна няпраўда». Сам Пестракоў нарадзіўся ў 1948 годзе, а аўтар успамінаў падчас вайны меў 9 гадоў. Аднак Пестракоў лічыць, што ва ўспамінах Копыла напісаная няпраўда і «Народная воля» павінна адказаць за распаўсюд ілжывых звестак.

Таксама пенсіянер папрасіў суд абавязаць газету зрабіць прыпіску пад назвай, што гэтае выданне з’яўляецца апазіцыйным і не падзяляе дзяржаўнага пункту погляду. Як у эратычных выданнях пазначаецца, што іх можна чытаць толькі з пэўнага ўзросту,

так і «Народная воля» павінна пісаць, што газета небяспечная для псіхікі моладзі, упэўнены пенсіянер.

У сувязі з незаконнымі патрабаваннямі пазоўніка галоўны рэдактар Іосіф Сярэдзіч папрасіў спыніць разгляд справы. Суд пагадзіўся з пазіцыяй газеты:

«Суд не прыняў да разгляду, а фактычна адхіліў пазоў. Справа ў тым, што паводле заканадаўства не мае права чалавек прымушаць газету прасіць прабачэння ў безадрасных фігурантаў. У людзей без імён, без прозвішчаў, без адрасоў… Што значыць «мы пакрыўдзілі падпольшчыкаў»? Мы можам пакрыўдзіць канкрэтнага падпольшчыка, канкрэтнага партызана, урэшце… Але ж і пра гэта справа не ішла ў кніжцы!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?