Ахвярай стаў Міхась Башура — уласнік машыны, з якой сканфіскавалі подпісы за вуліцу Быкава.

Актывіст кампаніі «Гавары праўду!» Міхаіл Башура затрыманы ў Мінску паводле падазрэння ў падробцы дакументаў. Пра гэта паведаміў актывіст кампаніі Міхал Пашкевіч.

Паводле яго слоў, увечары 6 жніўня ў кватэру, якую арандуе Башура, з’явіўся невядомы чалавек у цывільным і паспрабаваў выклікаць яго з кватэры. Башура выходзіць адмовіўся. Аднак прыкладна ў 19.00 ён быў вымушаны выйсці з кватэры па тэлефоннай просьбе гаспадыні жылля, якой патэлефанавалі з міліцыі.

На пляцоўцы каля кватэры Башуру акружылі людзі ў цывільным, якія настойліва прапанавалі праехаць ва УУС Савецкага раёна Мінска. Актывіст заявіў, што не будзе даваць ніякіх паказанняў без адваката. Тым не менш, Башуру затрымалі. «Яму заявілі, што яго затрымліваюць па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ва ўчыненні злачынства. Нібыта некалькі гадоў таму для атрымання крэдыту ён падаў даведку аб даходах, сума ў якой была завышана. Да 22.00 яго вазілі на следчыя дзеянні, да 3-й ночы яго дапытвалі без адваката», — паведаміў Пашкевіч.

Адваката да Башуры дапусцілі толькі раніцай 7 жніўня. Разам з адвакатам на допыт прыйшла жонка актывіста, якая адмовілася ад давання паказанняў, матывуючы гэта тым, што мае права не даваць паказанняў супраць сваякоў.

«Вядома, што Башуру інкрымінуюць злачынства, прадугледжанае артыкулам 380 Крымінальнага кодэкса Беларусі (падробка, выраб, выкарыстанне або збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў). Зараз ён затрыманы на трое сутак. Потым тэрмін затрымання можа быць або прадоўжаны на тэрмін да 10 сутак, або Башуры будзе выстаўлена абвінавачанне», — сказаў Пашкевіч.

Паводле яго слоў, адвакат Башуры Тамара Сідарэнка мае намер скласці скаргу на парушэнні падчас затрымання і следчых дзеянняў у дачыненні да яе падабароннага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?