Беларусь гатова звярнуцца па дапамогу да МВФ у выпадку неабходнасці, заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі 6 жніўня на сустрэчы з пастаянным прадстаўніком Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі Наталляй Калядзінай.
Кіраўнік урада выказаў падзяку МВФ за канструктыўную працу і падтрымку, аказаную фондам у «няпросты 2009 год». «Мы прайшлі складаны год з ростам ВУП у 1,5%. Гэта някепскі вынік нашай сумеснай працы», — падкрэсліў Сідорскі.

На думку прэм’ер-міністра, МВФ і Беларусь «выбудавалі добрую праграму». Ён падкрэсліў, што ў межах выканання праграмы беларускі бок імкнуўся прымаць меры па максімальнай лібералізацыі эканомікі. «Гэта не лозунг, гэта была ўзважаная праца ўрада па лібералізацыі», — адзначыў прэм’ер.

Ён таксама падкрэсліў, што Беларусь актывізавала працэс прыватызацыі. У адпаведнасці з абавязацельствамі перад МВФ у верасні-кастрычніку адбудуцца конкурсы па продажы акцый пяці беларускіх прадпрыемстваў. Акрамя гэтага, зараз ідзе актыўны працэс пераўтварэння прадпрыемстваў розных форм уласнасці ў ААТ.

Сідорскі нагадаў, што ўлады Беларусі актыўна абмяркоўваюць пытанне стварэння спецыялізаванага фінансавага агенцтва. Працягваецца праца ўрада з Нацбанкам і вырашаюцца пытанні па стварэнні ўмоў для развіцця эканомікі, банкаў і прыцягнення інвестараў. «Усё гэта гаворыць пра тое, што мы шмат з вамі зрабілі», — заявіў Сідорскі.

Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што «эканоміка Беларусі на ўздыме». «Мы закончылі паўгоддзе з ростам ВУП больш як 6%», — падкрэсліў ён. Урад, паводле яго слоў, разлічвае да канца года выйсці на значныя тэмпы росту эканомікі з тым, каб «закласці асновы для далейшага росту ў наступнай пяцігодцы».

Наталля Калядзіна, у сваю чаргу, згадзілася, што ў межах праграмы stand-by паміж Беларуссю і МВФ «было зроблена вельмі шмат». Разам з тым, падкрэсліла яна, неабходна «не страціць тое, што было зроблена ў рамках праграмы, а выкарыстоўваць гэта, каб беларуская эканоміка дасягнула высокіх і ўстойлівых тэмпаў росту, а таксама для захавання макраэканамічнай стабільнасці».

Нагадаем, у канцы сакавіка 2010 года Беларусь атрымала апошні транш крэдыту МВФ на 670 млн. долараў па праграме крэдытавання stand-by у 3,5 млрд. долараў, зацверджанай у канцы 2008 года.

29 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску кіраўнік Нацбанка Пётр Пракаповіч заявіў, што сёння адсутнічае неабходнасць для прыцягнення ў Беларусь новых крэдытаў Міжнароднага валютнага фонду. «Што да абмеркавання рэальнай праграмы з МВФ і ці будзе яна, гэтае пытанне будзе вырашацца падчас наступных місій. Пакуль пытанне аб прыцягненні новых запазычанняў не абмяркоўваецца», — заявіў Пракаповіч.

Кіраўнік Нацбанка падкрэсліў, што «МВФ нікому не выдзяляе рэсурсы без выканання асаблівых умоў, а гэтыя ўмовы не заўсёды садзейнічаюць эканамічнаму развіццю краіны. Таму да МВФ мала хто звяртаецца».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?