Але застаецца пры кандыдатуры Рымашэўскага.

Як перадае агенцтва БелаПАН, у ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Віталя Рымашэўскага запісалася прыкладна тысяча чалавек. Пра гэта 7 жніўня на пасяджэнні нацыянальнай рады аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) паведаміў сустаршыня аргкамітэта БХД Павел Севярынец.

Севярынец адзначыў, што тысяча чалавек — гэта «недастатковая колькасць». «Ініцыятыўная група павінна складаць як мінімум дзве з паловай тысячы чалавек. Тады мы зможам сабраць неабходныя для рэгістрацыі 100 тысяч подпісаў і правесці сапраўды эфектыўную перадвыбарную кампанію», — заявіў Севярынец.

Выступаючы перад членамі рады, Віталь Рымашэўскі адзначыў, што падчас паездкі па рэгіёнах убачыў «вельмі слабую для прэзідэнцкай кампаніі партыю». «Рэгіянальныя лідэры, і не толькі з нашай партыі, дэзарыентаваны. Тыя, хто крытыкаваў мяне падчас сустрэч, пасля гэтых сустрэч падыходзілі да мяне і гаварылі, што могуць дапамагчы за „невялікі ганарар“. Яны страцілі веру ў тое, што можна штосьці змяніць, і хочуць проста зарабіць грошай. Але ёсць і іншыя прыклады. У адным з раёнаў у маю ініцыятыўную групу запісалася поўнасцю арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Проста ім не падабаецца тое, што кандыдат ад АГП прапануе легалізаваць прастытуцыю, а наша праграма ім падыходзіць больш», — сказаў Рымашэўскі.

Ён заклікаў прысутных актывізаваць працу ў рэгіёнах.

БелаПАН паведамляе таксама, што Нацыянальная рада БХД зацвердзіла тэзісы перадвыбарнай праграмы свайго прэтэндэнта.

У тэзісах праграмы — рэфармаванне сістэмы ўлады, выбарнасць кіраўнікоў гарадоў і вёсак, наданне большых паўнамоцтваў органам мясцовага самакіравання і адміністрацыйная рэформа. На думку БХД, кіраванне краінай будзе больш эфектыўным, калі Беларусь будзе падзелена не на шэсць абласцей, а на 23 рэгіёны.

У якасці барацьбы з карупцыяй БХД прапануе зменшыць колькасць дзяржаўных чыноўнікаў у тры разы. Акрамя таго, прапануецца ўвесці «закон Лінкальна»: той, хто дакажа факт карупцыі, атрымлівае 25% ад выяўленага. Акрамя таго, БХД выступае за прынцып «аднаўленчага правасуддзя»: ставіць акцэнт не на пакаранне, а на кампенсацыю шкоды і прымірэнне бакоў.

У перадвыбарных тэзісах Рымашэўскага — прыняцце новага закона аб свабодзе веравызнання з удзелам у гэтым працэсе прадстаўнікоў усіх канфесій, вяртанне вернікам усіх святынь, адабраных у камуністычныя часы, увядзенне падатковых ільгот цэрквам.

Тэзісы праграмы прадугледжваюць сацыяльныя гарантыі сіротам, пенсіянерам, інвалідам і маламаёмным. Асаблівую ўвагу плануецца надаваць пераадоленню наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, адукацыі, навуцы і ахове здароўя.

У адносінах з Расіяй і Еўропай прадугледжаны «ўзаемавыгадныя сяброўскія адносіны». «Беларусь — нейтральная краіна (ніякіх НАТО і АДКБ).
Беларусі патрэбна еўрапейская эканоміка, заснаваная на навука- і працаёмістай вытворчасці, транзіце, сэрвісе, турыстычным бізнесе, інфармацыйных і экалагічных тэхналогіях», — гаворыцца ў тэзісах праграмы Рымашэўскага.

Адначасова БХД заявіла пра гатоўнасць да новых перамоваў з іншымі кандыдатамі, блізкімі па каштоўнасцях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?