На адкрытым Кубку СНД па верталётным спорце, які праходзіў на аэрадроме Баравая пад Менскам, разбіўся нямецкі экіпаж. Гэта адбылося 8 жніўня падчас паказальных выступленняў пры выкананні фігуры вышэйшага пілатажу «мёртвая пятля».
Гелікоптэр упаў і згарэў. Экіпаж загінуў.

74-гадовы Гюнтэр Цымер быў прызнаным асам у малой авіяцыі і адным з нямногіх пілотаў у свеце, што выконвалі на шрубалёце фігуру вышэйшага пілатажу «мёртвая пятля».

Здарэнне адбылося на вачах у жонкі пілота, якая, паводле інфармацыі журналістаў, прысутнічала на чэмпіянаце. Ягоная жонка Ірына таксама займаецца верталётным спортам. Дарэчы, яна беларуска, паходзіць з Віцебска.
Пазнаёмілася з Цымерам на спаборніцтвах у Маскве, выйшла замуж і ўжо больш за восем гадоў жыве ў Германіі.
«Рабіць пятлю нескладана, раз нават я змог гэта зрабіць, але вельмі шмат што залежыць і ад верталёта», — сказаў нямецкі пілот Гюнтэр Цымер у інтэрв’ю беларускім тэлеканалам за некалькі гадзін да сваёй гібелі.

Эксперты не выключаюць і памылкі пілота: усё ж 74-гадовыя лётчыкі сустракаюцца нячаста.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?