Украіна мае намер да канца 2010 павялічыць пенсійны стаж і пенсійны ўзрост для жанчын.

Пра гэта гаворыцца ў мемарандуме ўкраінскіх уладаў да Міжнароднага валютнага фонду, накіраваным у межах аднаўлення крэдытнага супрацоўніцтва ў сярэдзіне ліпеня гэтага году.

Згодна з дакументам, да канца верасня 2010 плануецца ўнесці законапраект з мэтай увядзення яго ў дзеянне да канца году.

У ім прадугледжваецца паступовае павелічэнне пенсійнага ўзросту для жанчын да ўзроўню мужчын — з 55 да 60 гадоў, дадаючы 6 месяцаў штогод пачынаючы з 2010.

Акрамя таго, законапраект будзе прадугледжваць павелічэнне мінімальнага тэрміну страхавання з 5 да 15 гадоў, павелічэнне на 10 гадоў кваліфікацыйнага перыяду для атрымання поўнай пенсіі, што павінна стымуляваць працуючых даўжэй захоўваць працаздольнасць.

Гэта мае палепшыць збалансаванасць пенсійнага фонду на 2 мільярды грыўнаў у 2011.

Згаданы законапраект з’яўляецца структурным маяком праграмы супрацоўніцтва з МВФ, у межах якой Фонд плануе выдзеліць Украіне $ 15,3 млрд на працягу 29 месяцаў.

Таксама ўкраінская ўлада плануе да канца снежня гэтага году змяніць базу налічэння пенсій, прадугледзеўшы іх дадатковае павелічэнне на 1% за кожны год, адпрацаваны звыш вызначанага тэрміну: 20 гадоў для жанчын і 25 гадоў для мужчын.

Мяркуецца, што гэта дазволіць скараціць выдаткі пенсійнага фонду на 6,2 млрд грыўнаў у 2011.

Як вядома, у студзені, перад прэзідэнцкімі выбарамі, Віктар Януковіч заяўляў, што ён супраць павелічэння пенсійнага ўзросту на 5 гадоў.

«Каб вырашыць гэтае пытанне, трэба прыняць адпаведны закон. Парламент на гэта ніколі не пойдзе, мы гэта ніколі нікому не дазволім», — падкрэсліваў ён.

Януковіч тады заяўляў, што павялічваць узрост выхаду на пенсію відавочна заўчасна: «Цяпер мы не маем маральнага права гэта рабіць… Я на гэта ніколі не пайду».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?