У Беларусі аб'ём прададзеных насельніцтву ў студзені-ліпені бягучага года залатых мерных зліткаў склаў 510,4 кг (16335 штук), што на 36 працэнтаў менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі Нацыянальнага банка Беларусі.

Найбольшы попыт быў адзначаны на 1- і 10-грамовыя залатыя зліткі, якіх за сем месяцаў прададзена адпаведна 4490 і 3706 штук. Адзначана таксама цікавасць да 5-грамовых мерных зліткаў з золата. Акрамя таго, у студзені-ліпені было набыта 140 зліткаў па 1 кг і 56 - па 0,5 кг. З пачатку года банкамі назад выкуплена каля 297 кг золата.

Залатыя мерныя зліткі насельніцтву прадаюць Нацыянальны банк праз свае галоўныя ўпраўленні і аддзяленні (са жніўня 2001 года) і шэраг камерцыйных банкаў. За гэты час агульная вага прададзеных зліткаў склала каля 6756,8 кг, выкупленых назад - 1189,3 кг. Зліткі выраблены з золата вышэйшай пробы (999) наміналам 1, 5, 10, 20, 50, 100, 250, 500, 1000 г. Цяпер у наяўнасці ёсць зліткі ўсіх наміналаў. Аперацыі з імі ажыццяўляюць усе галоўныя ўпраўленні Нацыянальнага банка па абласцях і горадзе Мінску, аддзяленні ў Бабруйску, Барысаве, Маладзечне, Мазыры, Драгічыне, Баранавічах, Пінску, Жлобіне, Лідзе, Оршы і Полацку.

Паводле даных на 6 жніўня 2010 года, цана продажу аднаграмовага залатога злітка была ўстаноўлена Нацыянальным банкам у памеры Br142,56 тыс., злітка 1 кг - Br119,9 млн.

З 14 красавіка 2005 года Нацбанк пачаў рэалізацыю сярэбраных і плацінавых мерных зліткаў.

За студзень-ліпень бягучага года жыхары Беларусі набылі 616 плацінавых зліткаў агульнай вагой каля 17,7 кг, што ў 2,5 раза больш, чым за аналагічны перыяд 2009 года. Назад банкамі ў студзені - ліпені 2010 года выкуплена 13 кг такіх зліткаў. Вялікім попытам карыстаюцца 10-грамовыя зліткі. Цана продажу 1-грамовага плацінавага злітка на 6 жніўня бягучага года склала Br201,96 тыс., злітка 0,5 кг - Br79,2 млн. Усяго з пачатку продажу гэтых зліткаў насельніцтвам набыта 81,6 кг плаціны, выкуплена назад - 31,4 кг.

Аб'ём прададзеных за сем месяцаў сярэбраных зліткаў склаў 436,9 кг (6288 штук). Гэта на 35 працэнтаў менш, чым у студзені - ліпені 2009 года. Найбольш папулярныя 20-грамовыя сярэбраныя зліткі. Зваротны выкуп склаў 104,57 кг. Паводле даных на 6 жніўня, цана продажу 10-грамовага сярэбранага злітка склала Br44,55 тыс., злітка 1 кг - Br2,06 млн. Усяго з пачатку продажу гэтых зліткаў насельніцтвам набыта 2842,6 кг серабра, выкуплена назад - 712,1 кг.

Рэалізацыя сярэбраных і плацінавых мерных зліткаў з абрэвіятурай Нацыянальнага банка Беларусі наладжана ў мэтах усебаковага развіцця ўнутранага рынку каштоўных металаў, а таксама прадастаўлення фізічным і юрыдычным асобам надзейнага і ліквіднага аб'екта інвесціравання свабодных грашовых сродкаў. Мерныя зліткі з каштоўных металаў даюць магчымасць насельніцтву больш эфектыўна распараджацца сродкамі і застрахаваць іх ад магчымых рызык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?