Гісторыя з навіной пра С-300, якой не было, шмат тлумачыць у праблемах беларускіх адносінаў з Тэгеранам. Піша Сяргей Богдан.

Іран, побач з КНР і Вэнэсуэлай, зьяўляецца адным з асноўных палітычных хаўрусьнікаў Беларусі. Мізэр дасяжнай інфармацыі не дазваляе дакладна падрахаваць вынікі супрацы з Тэгеранам. Але скандалы і кур'ёзы, з тым зьвязаныя, дазваляюць паставіць некаторыя пытаньні.

Дзе нашы ракеты?

Загадка зь няіснымі беларускімі С-300 можа мець вельмі простую разгадку. Паведамленьне іранскае навіновае агенцыі «Фарс» пра нібыта куплю Іранам у Беларусі ракетных комплексаў наагул падобнае проста да чарговага ходу ў барацьбе іранскіх палітычных груповак міжсобку.

Блізкае да іранскага прэзыдэнта агенцтва ёсьць важным інструмэнтам у барацьбе Ахмадзінэжада за ўплыў у іранскай палітыцы пасьля таго, як ён настроіў супраць сябе значную частку палітычнага істэблішмэнту краю. Ён даводзіць, што не ўскладняе становішча краіны ў сьвеце ды руйнуе давер да ўраду ўнутры краіны, як сьцьвярджаюць апанэнты, а мацуе бясьпеку ды ролю Ірана ў сьвеце – у тым ліку праз С-300. То бок, навіну гэтую варта разглядаць у кантэксьце іранскай унутранай палітычнай барацьбы розных плыняў і груповак.

Арыгінальная навіна неафіцыйнай агенцыі «Фарс», літаральны пераклад якой зьмясьціла НН, не ўтрымлівае наўпростых цьверджаньняў пра наяўнасьць у Тэгерана С-300, а вельмі блытана апісвае паведамленьні наконт гэтага лібанскага тэлеканала «Манар» і неназваных міжнародных СМІ. Аднак навіну па-пэрсідзку прачытаць змаглі няшмат людзей па-за Іранам, таму, хаця цалкам скажонае іранцам-карэспандэнтам «Асашыэйтэд прэс» ператлумачэньне было мала зьвязанае з арыгіналам, ніхто таго і не заўважыў.

Гісторыя з навіной, якой не было, шмат тлумачыць у праблемах заходніх і беларускіх адносінаў з Тэгеранам. Дзіва што непаразуменьні займаюць большую частку камунікацыі ў гэтых стасунках. Анягож, экспэртаў па краіне мала, у тым ліку і на Захадзе. Вучыць чужую мову ды палітыку з культурай добра і прыемна, калі гэта эўрапейская краіна, якая і сама сябе вывучае і іншаземцаў да таго заахвочвае. Іншая справа – Іран, дзе калі інтарэсы эўрапейскага дасьледніка пераходзяць межы клясычнай паэзіі ХІІІ стагоддзя, яго пачынаюць паціху падазраваць ў шпіянажы нават паспалітыя людзі, а адпаведныя органы – браць «за зябры».

У выніку

дасьледаваньні і аналіз іранскай палітыкі часьцяком апынаюцца на Захадзе манаполіяй акадэмічнай і аналітычнай «этнічнай мафіі»
-- іранскіх уцекачоў з фанатычнай нянавісьцю да ўсяго, што адбылося пасьля рэвалюцыі, або малападрыхтаваных эўрапейскіх навукоўцаў, якія цытуюць Хаяма, але ня могуць вылучыць асноўныя палітычныя арганізацыі Ірана.

Тое самае датычыцца і арабскіх дасьледаваньняў – найбольш выразна гэта прадэманстравалі скандалы вакол амэрыканскіх выведдадзеных і стратэгіі датычна вайны ў Іраку.

У Беларусі гэтая сытуацыя выглядае яшчэ больш гратэскна з-за агульных праблемаў беларускай адукацыі і навукі, становішча ратуе толькі сьціпласьць нашых задач. Вось, БДУ нядаўна адчыніў Цэнтар іраністыкі, ня маючы аніводнага спэцыяліста менавіта па Іране (пра астатнія іранамоўныя краіны маўчу) хаця б на ўзроўні кандыдата навук. Абышліся «носьбітамі мовы», як раней абыходзіліся беглымі іранскімі камуністамі
– незалежна ад кваліфікацыі.

Выкладаньне арабскай мовы ў ВНУ, дарэчы, таксама было на нейкі час трапіўшы ў рукі спрытнай пары бывалых мараканскіх падпольшчыкаў, якія схаваліся ад каралеўскай дэфэнзывы пры дапамозе КДБ СССР у нашай сінявокай рэспубліцы.

Узровень падрыхтоўкі кадраў адпавядае падыходу. Як адпавядаюць і вынікі супрацы. Паўтаруся, праблема ня толькі беларуская, але ў Беларусі яна абвостраная. Вядома, з часам яна паляпшаецца і цяпер ужо не здараюцца сытуацыі як у 1990-х гадох, калі перакладаць перамовы з катарскай дэлегацыяй неяк былі запрасілі былога іранскага камуніста. Але ўмовы закрытасьці ніколі не спрыяюць эфэктыўнасьці аніводнай справы, апрача хіба крымінальнай.

Сказаць, што беларускія ўстановы адмыслова хаваюць інфармацыю нельга, бо па абсалютнай большасьці беларуска-іранскіх праектаў хаваць няма чаго – звычайныя спробы прадаць штосьці ў Трэці сьвет.
Інфармацыя адсутнічае, бо беларуская дзяржава проста ня лічыць патрэбным і карысным яе абнародаваньне, пагатоў, што гэтым нехта мусіць займацца ў кожнай дзяржструктуры – а гэта дадатковыя выдаткі.

Дзе наша іранская нафта?

Вось і жыве грамадзтва без інфармацыі – ад «фарсу» да скандалу. Мутныя воды беларуска-іранскага супрацоўніцтва не дазваляюць ані наладзіць гэтага супрацоўніцтва, ані яго ацаніць. А пытаньняў да яго шмат. У прыватнасьці, чаму Беларусь атрымала нафту з Вэнэсуэлы, але дагэтуль не змагла атрымаць нафты з Ірана, хоць іранскі варыянт прапрацоўваецца нібыта зь сярэдзіны 1990-х і Іран бліжэйшы за Вэнэсуэлу.

Адказваць на яго беларускія СМІ ды аналітыкі не спрабуюць, а мо і ня могуць. Між тым, адказ, праўдападобна, просты.

Апроч праблемаў, уласьцівых любым піянэрскім праектом (накшталт адсутнасьці экспэртнай базы і досьведу), беларусам давялося сутыкнуцца ў Іране з мноствам бюракратычных перашкодаў.
Прычым многія зь іх былі створаныя наўмысна ў працэсе ўсё той жа міжфракцыйнай барацьбы іранскай палітыкі.

Анягож, калі Чавэс мог сваім прэзыдэнцкім адміністрацыйным праціснуць беларускія праекты і паслаць у Менск нафту, дык Ахмадзінэжад можа абяцаць залатыя горы, але праціснуць праекты яму будзе надта няпроста. Бо трэба будзе пераадолець супраціў астатніх груповак, як проста канкурэнтных, так і палітычна варожых у дачыненьні да яго. І беларускія праекты такой крыві і поту проста для яго ня вартыя.

Такія самыя праблемы з-за міжфракцыйнай іранскай калатнечы спасьцігаюць і іншыя праекты беларуска-іранскага супрацоўніцтва.
Афіцыйныя СМІ Беларусі і Ірана не прызнаюць ані праблемы, ані задумваюцца над яе прычынамі, але цікава, што беларускім і іранскім афіцыйным асобам чамусьці даводзіцца пастаянна заклікаць адзін аднаго да выкананьня дамоўленасьцяў. Навінаў на гэты конт поўна нават на той жа стужцы агенцыі «Фарс».

Вось, напрыклад, беларускі амбасадар у Тэгеране Віктар Рыбак у кастрычніку заклікаў Іран выканаць пагадненьне аб мытным супрацоўніцтве, падпісанае шчэ ў 2004 годзе. А ўсе беларускія ўрадоўцы ў Тэгеране як мантру цьвердзяць у афіцыйных заявах, што іх-то бок намераны выканаць усе пагадненьні... але нашто гэта паўтараць, калі яны, паводле паведамленьняў дзяржаўных СМІ, і так выконваюцца?

Дзе нашы старыя сябры?

Цікава, як дзяржаўныя СМІ прамаўчалі і наконт аблому, які адбыўся з нашай супрацай у Іране пасьля прыходу Ахмадзінэжада ў сярэдзіне 2000-х гадоў. Бо датуль, ад самага пачатку беларуска-іранскіх адносінаў – за Кебіча, у 1993 годзе – Менск меў справу пераважна з людзьмі Рафсанджані-Хатамі (вялікай розьніцы паміж імі няма). А з прыходам Ахмадзінэжада яны ўсе рэзка аказаліся па-за справамі, што не магло не адбіцца на пагадненьнях. Больш за тое, пасьля выбараў 2009 году і пратэстаў супраць іх фальшаваньня многія старыя «сябры Беларусі» апынуліся за кратамі (як Махсэн Аміні), а іншыя балянсуюць на мяжы таго, бо абвешчаныя правадырамі «антыўрадавага бунту» (як то вялікі прыяцель беларускіх парлямэнтароў Магдзі Кярубі ці сам Хатамі).

Зважаючы на такія праблемы беларускай вонкавай палітыкі, якую пэрыядычна зьнянацку спасьцігаюць малапрыемныя неспадзяванкі, дапускаць магчымасьць правядзеньня беларускім бокам больш складаных міжнародных апэрацыяў па пера/продажы стратэгічна важнае зброі амаль не выпадае.
Бо гэта шмат складаней, чым усё, што рабілася дагэтуль – Саманды, нафта, будаўніцтва.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?