Актывісты кампаніі «Гавары праўду!» распачалі збор подпісаў за вылучэнне Уладзіміра Някляева дэлегатам Усебеларускага народнага сходу. Акрамя збору подпісаў актывісты займаюцца распаўсюдам лістовак. Іх закідваюць у паштовыя скрыні.
Някляеўскія лістоўкі — расейскамоўныя. Відаць, спадар Уладзімір лічыць, што ўздзеянне расійскамоўнай лістоўкі лепшае за ўздзеянне беларускамоўнай. Пры гэтым Някляеў і робіць націск на тое, што ён беларускі паэт.
На «вонкавым» баку лістоўкі пра кампанію «Гавары праўду!» нагадвае невялікая зялёная эмблема зверху ліста. Астатнюю ж плошчу займае вялікі фотаздымак, а таксама біяграфія Някляева. Сярод яго заслуг згадваецца аўтарства больш як дзесяці кніг паэзіі і прозы, а таксама вядомасць як аўтара шматлікіх папулярных беларускіх песняў. Згадваецца і стварэнне кампаніі «Гавары праўду!», але тут відавочна, што асоба лідэра і ініцыятара важнейшая за саму кампанію, прынамсі, паводле вонкавага боку лістоўкі.
На абароце актывісты «Гавары праўду!» крытыкуюць сістэму вылучэння дэлегатаў на Усебеларускі сход:
«Дэлегатаў ніколі не выбіралі — іх прызначалі мясцовыя адміністрацыі. Таму сход толькі зваўся народным, насамрэч гэта быў сход начальнікаў. Мы хочам прапанаваць вам змяніць гэты парадак». І прапануюць падпісацца за вылучэнне дэлегатам Някляева, які збіраецца надаць увагу самым хваравітым праблемам нашага жыцця:
«Што стаіць за сярэднім заробкам, і якія рэальныя даходы насельніцтва», «Колькі мы плацім за бясплатную ахову здароўя», «Як правесці сумленныя і адкрытыя выбары»
Усе тры пытанні вылучаныя
Сканчваецца лістоўка заклікам:
«Далучайцеся да тых, хто лічыць, што важкія рашэнні ў нашым жыцці павінныя прымаць толькі тыя, каго рэальна падтрымаў народ". Лістоўкі, мяркуючы па выходных звестках, выдадзеныя накладам 200 000 экзэмпляраў. Подпісы за вылучэнне ўжо збіраюцца па ўсёй краіне.
