Фольк-тэатар «Госьціца» і гурт Grig Percussion падрыхтавалі спэктакль-экспэрымэнт «S-музыка».

На сцэне Дзяржфілярмоніі будуць біць у бубны і бляшанкі з-пад кансэрваў, а Коласаў Сымон-музыка апранецца па-сучаснаму, пойдзе ў начны клюб ды зайграе… на трубе. Прэм’ера музычна-плястычнага спэктаклю «S-музыка» мае быць 6 кастрычніка. Кіраўнічка «Госьціцы» Ларыса Сімаковіч: «Магчыма, гэта будзе адзіны паказ. У мяне часта бывае, што прэм’ерай усё сканчаецца».

Л.Сімаковіч і лідэр гурту Grig Percussion Ігар Аўдзееў даўно задумалі зрабіць незвычайны спэктакль па матывах паэмы Якуба Коласа. Каб там было сола трубы, каб грымелі ўдарныя інструмэнты, каб сьпявалі аўтэнтычныя галасы. «На жаль, прэм’ера многа разоў адкладалася, бо ня надта кіраўніцтва філярмоніі вітае экспэрымэнты». Grig-Percussion, як часта бывае з прафэсійным айчынным калектывам, больш вядомыя за мяжой. Хоць існуе аж з 1986 г. і ў ім перайгралі амаль усе славутыя беларускія бубначы. Гурт пастаянна бярэ ўдзел у міжнародных фэстах, а апошні дыск запісаў летась у Парыжы на Radio France. Назву, пад якой яны граюць з 2005 г., абралі ня ў гонар нарвэскага кампазытара, а ў знак пашаны да спонсара Віктара Грыгор’ева, які робіць палачкі для ўдарных інструмэнтаў. У спэктаклі «S-музыка» гурт возьме на сябе ня толькі акампанэмэнт. «Мы таксама будзем рухацца, бо пастаноўка – суцэльная дзея, а таксама выканаем ролю грэцкага хору», – кажа Віктар Аўдзееў. Музыка характарызуе спэктакль як сынтэз музыкі для ўдарных і аўтэнтычных галасоў з салістам трубачом. «Сымонам-трубачом» будзе таленавіты малады музыка Сяргей Петрашкевіч. Труба, 30 ударных інструмэнтаў і сьпевы «Госьціцы»: «І гэта яшчэ ня ўсё, – кажа аўтар музыкі да спэктаклю Л.Сімаковіч. – У першым аддзяленьні музыкі выканаюць Happening аўтарства Джона Кейджа. Будзе фэерыя гуку: музыкі будуць дзьмухаць у бутэлькі, біць у бляшанкі і па скрынях…»

Спадарыня Ларыса прапануе свой погляд на паэму Якуба Коласа: «Вельмі актуальны твор, і кожны бярэ ад яго нешта сваё. Мая канцэпцыя такая: геній абірае гэты народ, гэтую зямлю, каб вярнуць людзям голас і пазбавіць ад здранцьвеньня. Таму я перарабляю коласаўскага скрыпача ў трубача з мацнейшым голасам і пасылам, каб яго сапраўды пачулі. Такі моцны інструмэнт, як труба, аточаны моцнымі бубнамі, тамтамамі, іншымі ўдарнымі інструмэнтамі. І ўсё гэта выглядае па-сучаснаму! Галоўны герой выйдзе ў джынсах, яго нават у начным клюбе, паводле задумкі, будуць спакушаць!»

Ларыса Сімаковіч кажа, што адміністрацыя філярмоніі яшчэ ня ведае да канца, што гэта будзе за спэктакль. І рэакцыю прадказаць не бярэцца: «Могуць і электрычнасьць вымкнуць, але, спадзяюся, да гэтага ня дойдзе. Мы пра гэта намагаемся ня думаць». Было такое, што спэктаклі «Госьціцы» паказваліся першы і апошні раз. Л.Сімаковіч не выключае такога варыянту і з «S-музыкам»: «Тут наўрад ці нам дадуць яе паўтарыць. Але ў нас ужо ёсьць замовы на паказ у іншых краінах».

Прэм’ера спэктаклю «S-музыка» – 6 кастрычніка ў Вялікай залі Белдзяржфілярмоніі. Пачатак а 19:00. Кошт квіткоў: 4000–8000 руб.

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?