У сераду, 11 жніўня, дым ад лясных і тарфяных пажараў у Маскве рассеяўся. Цяпер на вуліцах расійскай сталіцы няма задымлення і знік пах гарэлага.

Узровень угарнага газу ў паветры Масквы пачаў зніжацца яшчэ 9 жніўня. У сераду атмасфера цалкам ачысцілася ад шкодных прымесяў. Гэтаму паспрыяла і залева, што прайшла мінулай ноччу ў горадзе.

У той жа час, па прагнозах сіноптыкаў,

спёка ў Маскоўскім рэгіёне пакуль захоўваецца. 11 жніўня ў Маскве чакаецца да +34 градусаў, таксама магчымая чарговая навальніца.

Нагадаем, апошнія два тыдні праз анамальную спякоту і пажары ў Маскве склалася надзвычайная экалагічная сітуацыя. Горад быў ахутаны дымам, адчуваўся едкі пах гарэлага, а дапушчальныя канцэнтрацыі угарнага газу і ўзважаных часціц былі перавышаныя ў некалькі разоў.

Напярэдадні кіраўнік дэпартамента аховы здароўя сталіцы Андрэй Сяльцоўскі паведаміў, што апошнім часам у Маскве

колькасць смерцяў павялічылася ўдвая — прыкладна да 700 у дзень.

Агенцтва Reuters адзначала, што

моргі і бальніцы горада перапоўненыя, а адзіны крэматорый працуе ў тры змены і не можа даць рады замовам. Між тым, сталічныя ўлады заявілі, што сітуацыя ў Маскве не крызісная.
Прэс-сакратар мэра Сяргей Цой раней нават заявіў, што не бачыць прычын для вяртання мэра з трохтыднёвага адпачынку.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0