Па вуліцы Замкавай у горадзе Ліда ўжо даўно мусіла прапісацца возера. За месяц да Дажынак спрэчкі і канфлікты з адсяленнем людзей у Лідзе не сціхаюць.
Суўласнік хаты па адрасе Замкавая, 7 з дня на дзень чакае МНС і міліцыю з высяленнем. Сухоцкі Сяргей Уладзіміравіч нязгодны з жыллём, прапанаваным узамен цяперашняга дома. Старшы прапаршчык на пенсіі баіцца, што высяляць яго будуць сілай.
«Сёння прыязджаў прадстаўнік улады Яраслаў Мікавоз, намеснік кіраўніка гарвыканкама, запытваў маё канчатковае рашэнне. Калі я сказаў, што не збіраюся высяляцца на такіх умовах, мне нават пачалі пагражаць. Сказалі прыедуць, паставяць літарай зю і вывезуць гвалтам. І куды яны мяне вывязуць? У псіхушку, каб не перашкаджаў Дажынкам?»

Дом Сяргея Уладзіміравіча плошчай 64 кв.м. мае два выхады. У адной частцы жыве былая жонка, з якой былы вайсковец развёўся 7 гадоў таму. Дом калісьці дастаўся былой жонцы ў спадчыну. У другой частцы жыве і прапісаны Сяргей Уладзіміравіч. Калісьці ён прадаў у Паўднёвым гарадку Ліды сваю кватэру, а грошы выдаткаваў на уладкаванне дома ля замка. Ён расказвае, што сам пабудаваў гараж для машыны 40 кв.м і летнюю кухню 5х6 м, прыбудаваў два пакоі, а таксама абклаў дом цэглай. На кожнае абнаўленне меў дазволы і паперкі ад мясцовых уладаў, а цяпер яму кажуць: «Не пашанцавала», «Не трэба было разбудоўвацца».

«Мяне высяляюць да жонкі ў інтэрнат, у пакой 12 кв.м.
За гараж нічога не даюць, за летнюю кухню нічога. А ў інтэрнаце агульная ванна і прыбіральня, кухні зусім няма. А машыну мне куды дзець? Я не разумею, чаму я не заслугоўваю асобнай кватэры, хай нават у старым доме, я ж не прэтэндую на тую новабудоўлю у цэнтры горада, якую спецыяльна пад Дажынкі адбухалі.
Я ж маю яшчэ права і жаніцца нават! Мне яшчэ толькі 56. А мяне пазбаўляюць і гэтай магчымасці, куды я новую жонку прывяду?»

Учора, 10 жніўня Сяргей Уладзіміравіч адправіў ліст старшыні гарвыканкама з апісаннем сітуацыі. У чацвер вайсковы пенсіянер збіраецца трапіць да чыноўніка на прыём, каб вырашыць гэтае пытанне мірным шляхам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?