Папулярны партал навінаў Telegraf.by паўгода транслюе навіны па-беларуску. Расказвае галоўны рэдактар сайта Міхаіл Кавенскі.

Міхаіл Кавенскі: Беларуская версія Telegraf.by запушчаная 1 cакавіка 2010, аднак мы па-ранейшаму трымаем на ўсіх старонках расійскамоўнай версіі банэр «Навіны Тэлеграфа цяпер і па-беларуску». Для нас важна, каб нават выпадковы наведнік рэсурса змог лёгка выбраць варыянт, які яму пасуе.

НН: Чым было выкліканае рашэнне стварыць беларускамоўную версію навінаў?

МК: Беларуская мова — дзяржаўная ў РБ і мова тытульнай нацыі. Для нас з’яўленне беларускай версіі — гэта своеасаблівая дэкларацыя сур’ёзнасці намераў і, у першую чаргу, даніна павагі нашай краіне і яе культуры. Ну і вядома, гэта яшчэ адзін крок насустрач чытачу. Кожны чалавек мае права атрымліваць інфармацыю на зручнай для яго мове.

НН: Многія прэстыжныя кампаніі цяпер выкарыстоўваюць рэкламу на беларускай мове. Ці лічыце Вы наяўнасць беларускай мовы прыкметай элітарнасці, паказчыкам якасці, адметнасці?

МК: Я рады, што вы адносіце Telegraf.by да разраду прэстыжных кампаніяў. Разам з тым, мы не хочам быць «элітарнымі». Мы не глянцавы часопіс і стараемся заваяваць давер чытача не дарагой папераю, а якасцю нашых навінаў. Пры гэтым мы не спрабуем браць «жаўцізною». Для нас важны не толькі колькасны, але і якасны склад нашай аўдыторыі. Што датычыць рэкламы, то такое рашэнне заўсёды прымаецца самім рэкламадаўцам, за выключэннем тых краінаў, дзе моўныя абмежаванні ўведзеныя заканадаўча. Прызнацца, у нас пакуль няма замоваў адмыслова на беларускую мову, хаця сёння мы даем мэтавую пляцоўку для гэтага.

НН: Ці плануеце далейшае выкарыстанне/прасоўванне беларускай мовы?

МК: Безумоўна, беларуская версія будзе развівацца. Аднак мы не збіраемся прасоўваць беларускі варыянт за кошт іншых моваў. Нагадаю, што Telegraf.by сёння можна таксама чытаць па-расійску і па-ангельску. Гэта зрабіла нас найбольш цытаваным беларускім інтэрнэт-рэсурсам у Польшчы і шэрагу іншых краінаў. У будучыні мы плануем запусціць дадатковыя версіі на замежных мовах. Разам з тым, любыя новаўвядзенні будуць адлюстроўвацца адначасова ва ўсіх версіях рэсурса.

НН: Ці маеце звесткі, які працэнт беларускамоўных чытачоў вашага сайта?

МК: На беларускую версію заходзіць не больш за 10 адсоткаў чытачоў, але гэта не значыць, што астатнія не ведаюць беларускай мовы. Проста па розных прычынах ім ямчэй спажываць навіны па-расійску.

НН: Адкуль з’явілася назва вашага рэсурса — Тэлеграф?

МК: Ніхто ўжо і не ўспомніць дакладна. Занадта даўно гэта было. Назва, на мой погляд, вельмі ўдалая, нягледзячы на састарэласць тэлеграфа як сродку камунікацыі. Інтэрнэт па сутнасці вярнуўся да добра забытай мінуўшчыны — неабходнасці пісаць каротка і дакладна. Толькі раней гэта было абумоўлена недасканалай тэхналогіяй, а сёння — рытмам жыцця.

НН: Пошта Google, на якой размешчаныя скрыні @telegraf.by, не мае падтрымкі беларускай мовы. Гэта адразу кідаецца ў вочы пры пераходзе з беларускамоўнага асяродку навінаў Тэлеграфа на паштовую скрыню. Мноства людзей згодныя дапамагчы ў распрацоўцы беларускамоўнага сэрвісу на gmail. Ці можаце вы паўплываць на з’яўленне беларускай версіі пошты?

МК: Не, на Google мы пакуль ніяк паўплываць не можам. Але мы над гэтым працуем. Я ўпэўнены, што з’яўленне беларускага інтэрфэйсу ў Gmail — усяго толькі справа часу і, відавочна, не антыбеларуская палітыка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?