Практычна ўсе апазіцыйныя прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта далі згоду на ўдзел у круглым стале па абмеркаванні дакумента аб каардынацыі дзеянняў падчас прэзідэнцкіх выбараў.
Аб гэтым паведаміў Мікалай Статкевіч.

Круглы стол пройдзе 18 жніўня ў закрытым рэжыме. Палітыкі плануюць абмеркаваць магчымасць сумеснага вылучэння сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, удзелу ў назіранні за выбарамі, а таксама закліку да выбаршчыкаў выйсці на вуліцы ў выпадку фальсіфікацыі вынікаў выбараў.

Статкевіч зазначыў, што ўзніклі праблемы з памяшканнем, у якім павінна прайсці сустрэча. «У офіс грамадскай арганізацыі „Цэнтр па правах чалавека“, дзе на працягу паўгода праходзілі пасяджэнні па абмеркаванні пытання вылучэння адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі, менавіта заўтра павінны прыйсці выпраўляць нейкія праблемы з сігналізацыяй. Не выключана, што гэта ўлады вырашылі так адрэагаваць на магчымасць дэмакратычных сіл дасягнуць кампрамісу па ўдзеле ў выбарах. Тым не менш, круглы стол адбудзецца ў запланаваны час, але ўжо ў іншым месцы», — заявіў палітык.

Нагадаем, рашэнне аб правядзенні серыі круглых сталоў па пытанні вылучэння адзінага кандыдата ад дэмсіл на выбарах прэзідэнта было прынята некалькі месяцаў таму Радай беларускай інтэлігенцыі. У пачатку жніўня рада вырашыла звузіць колькасць прэтэндэнтаў на атрыманне статусу адзінага кандыдата да пяці чалавек: Сяргей Калякін, Аляксандр Казулін, Уладзімір Някляеў, Яраслаў Раманчук, Андрэй Саннікаў.

У сувязі з гэтым 11 жніўня апазіцыйныя палітыкі прынялі рашэнне адмовіцца ад пасрэдніцтва Рады беларускай інтэлігенцыі, бо палічылі, што яна страціла нейтралітэт у пытанні вызначэння адзінага кандыдата.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?