Ён ехаў з Масквы ў Менск на хуткасці 140 км/г. Нягледзячы на спецсуправаджэнне, яго спыніла дарожная міліцыя. Палітычны сігнал?

У Падмаскоўі супрацоўнікі дарожнай міліцыі 16 жніўня за перавышэнне хуткасці затрымалі джып Toyota Land Cruiser, паведамляе сайт горада Далгапруднага, дзе адбыўся інцыдэнт. Аўтамабіль належаў генерал-палкоўніку Віктару Шэйману, памочніку прэзідэнта Беларусі па спецыяльных даручэннях. Ён жа знаходзіўся ў машыне.

Аўтамабіль вяртаўся з Масквы з хуткасцю 140 кіламетраў у гадзіну і нават выехаў на сустрэчную паласу. Беларускага чыноўніка пэўны час суправаджаў міліцэйскі картэж. Потым па ўсіх пастах проста перадалі інфармацыю, каб аўтамабіль Шэймана не чапалі. Але міліцыянты на 131-м кіламетры шашы Масква—Мінск чамусьці пра гэта не ведалі.

У Адміністрацыі прэзідэнта каментаваць выпадак адмовіліся. «Мы каментуем толькі інфармацыю, звязаную з кіраўніком краіны», — паведаміў супрацоўнік прэс-службы Адміністрацыі ў размове з карэспандэнтам «НН».

Адкуль ехаў памочнік прэзідэнта па спецыяльных даручэннях? Чаму інфармацыю аб праверцы дакументаў даішнікамі тонка выпусцілі ў СМІ? З улікам таго, што адносіны намінальных саюзніцаў апошнім часам абвастрыліся дазвання, справа выглядае як палітычны сігнал Масквы Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?